Беларуская Служба

Нідэрландскі інстытут абмеркаваў справы Беларусі

18.01.2021 16:41
«Рашэнні, якія прыме Ўсебеларускі сход, не будуць прызнаныя міжнароднымі арганізацыямі, хіба што грамадства прыме гэтыя рашэнні».
Лога Інтытута КлінгендэйлFacebook арганізацыі

Тэма Беларусі не сыходзіць з вуснаў дыпламатаў заходніх краін. На мінулым тыдні прайшоў чарговы семінар прысвечаны тэматыцы беларускіх перамен. На ім прысутнічалі эксперты з Беларусі, Польшчы, Літвы ды Нідэрландаў. Падрабязней Альберт Ежы Вяжбіцкі.

Нідэрландскі інстытут міжнародных адносінаў Клінгендэйл арганізаваў вебінар, прысвечаны Беларусі і таму, чаго можам чакаць у 2021 годзе. Суарганізатарамі былі пасольствы Польшчы і Літвы ў Нідэрландах.

Яны разам з гасцьмі і экспертамі, якія былі запрошаныя на сустрэчу, выказвалі свае думкі наконт беларускага пратэсту, ролі гэтых падзеяў у сучаснай гісторыі і месца Беларусі ў еўрапейскім кантэксце. На самым пачатку ад імя арганізатараў выказаліся амбасадары краінаў-суседак Беларусі: Літвы Відмантас Пурлыс ды Польшчы Марцін Чэпэляк. Яны падкрэслілі важнасць адносінаў між краінамі Еўразвязу і Беларуссю, а перадусім беларускім мірным народам, які цярпліва адстойвае сваю нязгоду з дзеяннямі рэжыму.

Пасол Літвы падкрэсліў, што краіны Еўразвязу, у першую чаргу Вільня ды Варшава дапамагаюць тым, хто апынуўся пад пагрозай рэпрэсій, даючы гэтым людзям бяспечную пляцоўку, а пасол Польшчы заўважыў, што кантакт і супраца з Беларуссю з’яўляецца важнай часткай «усходняга партнёрства»:

-Беларусь, Літва і Польшча – мы вельмі блізкія. Мы звязаныя нашай супольнай гісторыяй. Польшча і Літва – чальцы Еўразвязу. Беларусь – важны партнёр ЕЗ, у якасці ўдзельніка Ўсходняга партнёрства. Таму незалежнасць Беларусі з’яўляецца для нас ключавым фактарам, побач з міжчалавечымі адносінамі і эканамічнай супрацай. Працэсы, якія мы зараз назіраем у Беларусі, у вялікай ступені ўплываюць на міжнароднае асяроддзе і нашае суседства. Цяперашняе развіццё сітуацыі ў краіне ў кантэксце жнівеньскіх выбараў выклікае нашу занепакоенасць. Правы чалавека пад вялікай пагрозай, масавыя пратэсты за свабодныя і справядлівыя выбары працягваюцца і беларусы могуць разлічваць на нашу падтрымку, апеку і гасціннасць. Аднак беларускі шлях у будучыню – няпэўны. Быць можа, гэты вебінар прынамсі ў нейкай ступені зможа раскрыць будучыню гэтай краіны і народу. І па той прычыне я вельмі ганаруся, што Польскае пасольства ў Нідэрландах стала партнёрам сустрэчы.

Прадстаўніком беларускага пратэсту на вебінары быў Павел Латушка, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Ён выказаў сваё разгорнутае меркаванне наконт планаванай рэжымам Лукашэнкі канстытуцыйнай рэформы. Да яго далучыўся былы ўжо амбасадар Беларусі ў Аргентыне Уладзімір Астапенка, які стаў вядомым сваёй падтрымкай народнага пратэсту адразу пасля фальсіфікацыі выбараў у жніўні. Былыя прадстаўнікі Беларусі ў краінах свету адказалі на пытанні пра канстытуцыйную рэформу Лукашэнкі ды Ўсебеларускі сход:

-Удзел апазіцыйных сілаў ва Ўсебеларускім сходзе быў выключаны рашэннем Лукашэнкі. Раней гэта адбывалася больш-менш дэмакратычна. Людзей выбіралі падчас сходаў на заводах, у калектывах, у лакальных суполках, і тады яны прымалі ўдзел у сходзе. У гэтым годзе ўсе прадстаўнікі, што з’явяцца на мерапрыемстве, былі вызначаныя лакальным кіраўніцтвам. Ніводная асоба з апазіцыі не будзе на ім прадстаўляць волі беларускага народа. Гэта поўнасцю немагчыма з працэдуральных прычын. Двое чальцоў мінскага гарвыканкама, што выказваліся супраць гвалту на беларускіх вуліцах, былі выключаныя з гэтак званага Ўсебеларускага сходу.

Да дыскусіі экспертаў далучыўся кіраўнік Усходняга дэпартаменту польскага міністэрства замежных справаў Ян Хофмакль. Ён адзначыў гістарычны характар беларускіх падзеяў і падкрэсліў, што перад усім цэлы свет пад уражаннем адвагі і цярплівасці беларусаў. Паводле Яна Хофмакля, яшчэ паўгода таму ніхто не лічыў, што грамадства гатовае на так рэзкі крок у адстойванні сваёй пазіцыі. Падкрэсліў таксама, што ўсялякія перамены патрабуюць часу:

-Дазвольце нагадаць, што паўгода таму ў любым аналізе гаварылася, што беларускае грамадства пад такім моцным уплывам русіфікацыі за 26 гадоў праўлення Лукашэнкі і дамінацыі СССР у мінулым, што няма пачуцця нацыянальнай ідэнтычнасці і грамадскасці. Лічу, што амбасадар Латушка і Астапенка, як і ўсе СМІ за гэтыя 6 месяцаў паказалі, што мы ўсе памыляліся і што беларуская грамадзянскай супольнасць існуе, ёсць актыўнасць, і нашым абавязкам з’яўляецца падтрымліваць гэтую актыўнасць і заангажаванне, якое мы бачым пасля сфальшаваных жнівеньскіх выбараў. Другая справа – гэта тое, што Рым не быў пабудаваны адразу. Гэта абазначае, што мы вымушаны назіраць за працэсам. Будучы з Польшчы, краіны, якая змагалася за сваю незалежнасць на працягу, як мінімум, 50 гадоў пад расійскай дамінацыяй, мы ведаем, што гэта значыць. І канешне, я разумею спешку і ахвоту знайсці выхад з сітуацыі ўжо зараз, але можа быць і так, што нам спатрэбіцца падрыхтавацца да доўгага маршу да свабоды. Гэта азначае, што трэба прымаць сур’ёзныя рашэнні сярод падобных краін, чальцоў ЕЗ ды НАТА.

Кіраўнік усходняга дэпартаменту таксама выказаўся наконт галоўных задач польскага ведамства замежных справаў у дачыненні да Беларусі. Сярод асноўных мэтаў Варшавы – выпрацаванне эканамічнай ды палітычнай падтрымкі беларускага народа. Ян Хофмакль выказаўся таксама пра Ўсебеларускі сход і міжнародную рэакцыю на гэты працэс:

-Мы бачым, што сітуацыя Лукашэнкі, перадусім у палітычным сэнсе, слабее і слабее, становіцца ўсё менш упэўненай. Мы з нашага боку павінны зрабіць усё магчымае, каб аказаць дапамогу ўсім, каму яна патрэбная. Па-другое, з пункту гледжання польскай дыпламатыі, для нас важна глядзець доўгатэрмінова, што азначае, што ЕЗ мусіць быць гатовы паказаць ясны шлях падтрымкі, калі распачнецца працэс перамен у Беларусі. Таму Польшча разам з іншымі краінамі распачала ствараць эканамічны план для Беларусі, які павінен стартаваць у той момант, калі Беларусь распачне свой шлях трансфармацыі. Трэці элемент – мы павінны ўлічваць голас грамадства, а рэжым у Мінску павінен гэта разумець. Можам гэта называць усебеларускім сходам ці нават кангрэсам, але рашэнні, якія прыме гэты сход, не будуць прызнаныя міжнароднымі арганізацыямі, хіба што грамадства прыме гэтыя рашэнні.

Хоць 2021 год толькі што пачаўся, прадстаўнікі сусветнай дыпламатыі ўжо рыхтуюць свае праграмы на выпадак, калі лукашэнкаўскі рэжым рухне. Падобныя дыскусіі, з удзелам прадстаўнікоў беларускага пратэсту ды лідараў еўрапейскіх краін, адбываюцца ледзь не што тыдзень. Сустрэча ініцыяваная інстытутам Клінгендэйл паказвае, што беларускія перамены важныя не толькі для суседзяў, але і для краін, якія знаходзяцца далей ад беларускай мяжы.

Альберт Ежы Вяжбіцкі