Беларуская Служба

Шэф МЗС Украіны: каля нашай мяжы знаходзіцца больш за 100 тысяч расійскіх салдат

30.11.2021 13:07
У Кіеве прагназуюць, што агрэсія можа пачацца на пачатку наступнага году. Вашынгтон абяцае Украіне падтрымку.
Ілюстрацыйны здымакImage by stayerimpact from Pixabay/CC0

Тэму асвятляе штодзёнка «Dziennik Gazeta Prawna».

«Расія разгарнула каля ўкраінскай мяжы, на Крыме і Данбасе больш за 40 тактычных батальённых груп колькасцю 115 тысяч вайскоўцаў», – паведаміў кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба. Таксама мноства танкаў, артылерыі, паветраных і марскіх сіл, піша польскае выданне.

Крэмль адмаўляецца тлумачыць свае дзеянні ўздоўж украінскіх межаў, у Крыме і на Данбасе. Кулеба сказаў, што расійскія войскі знаходзяцца на мяжы з Украінай з вясны гэтага года, і Масква іх фактычна не адклікала, хаця на словах заяўляла пра адваротнае.

У другой палове лістапада кіраўнік галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Кірыла Буданаў заявіў, што Расія рыхтуе наступ на Украіну з некалькіх бакоў на пачатку 2022 года. Па словах прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, «кожны дзень» існуе верагоднасць эскалацыі або маштабнага ўварвання Расіі і баевікоў, якіх яна падтрымлівае.

Дзеянні Крамля насцярожылі амерыканцаў, У Вашынгтоне мяркуюць, што гэтым разам Масква перамяшчае войскі і тэхніку не для паказухі, а патаемна – пераважна ўначы і з выкарыстаннем элітных падраздзяленняў.

ЗША ўжо накіравалі ва Украіну чатыры пастаўкі зброі. У адміністрацыі Джо Байдэна вядуцца дыскусіі пра адпраўку яшчэ аднаго, у тым ліку супрацьтанкавых ракет Javelin, мінамётаў і ракет класа зямля-паветра Stinger. Пентагон таксама накіруе ваенных дарадцаў і прадставіць украінцам расійскія верталёты Мі-17, якія першапачаткова прызначаліся для Афганістану.

юл