Беларуская Служба

Кірыл Мартынаў: Сістэма Пуціна пабудавана, як італьянская мафія

27.06.2022 07:27
На кожнага з іх ёсць кампраматы, пераконвае галоўны рэдактар «Новай газеты.Еўропа», раней кіраўнік палітычнага аддзела «Новай газеты».
Уладзімір ПуцінPAP/EPA/MIKHAIL METZEL / KREMLIN / SPUTNIK / POOL

«Для многіх прадстаўнікоў расійскай эліты вайна непрымальная па прагматычных меркаваннях, а для некаторых, магчыма, нават па маральных. Але пуцінская сістэма пабудавана, як італьянская мафія. Пасля 24 лютага з Расіі збеглі толькі тры чалавекі: віцэ-кіраўнікі «Аэрафлота» і «Газпрамбанка» і бацька расійскай прыватызацыі -Анатоль Чубайс. Многія шукалі выйсця, але вырашылі, што яго няма», – кажа расійскі філосаф і палітолаг, галоўны рэдактар «Новай газеты.Еўропа», раней кіраўнік палітычнага аддзела «Новай газеты» Кірыл Мартынаў у размове з выданнем Dziennik Gazeta Prawna.

Паводле яго, эліты разумеюць, што нават, калі ў іх дастаткова грошай, каб гарантаваць сабе бяспеку і захаваць свае актывы, то рэжым будзе ціснуць на людзей, якія з імі супрацоўнічалі. Эліта запалоханая наступствамі вайны, санкцыямі і мафіёзнай структурай сістэмы. Пуцін пабудаваў дом без выхадных дзвярэй, кажа Мартынаў.

«На кожнага з іх ёсць кампраматы. Гэта стандартны механізм працы спецслужбаў. Асноўная ідэя ўлады Пуціна заключалася ў пераносе метадаў спецслужбаў у палітычную сістэму. Уцекачоў можна знішчыць, выявіўшы доказы саўдзелу ў злачынствах(…) У нейкі момант уключаецца псіхалагічны механізм. Людзі прывыклі да пэўнага ўзроўню жыцця. Яны не хочуць з'язджаць і нешта даказваць за мяжой», – кажа рэдактар.

Частка з іх самі сябе пераконваюць, што яны адказныя за краіну і павінны ратаваць тое, што ёсць. Узнікаюць аналогіі з рознымі формамі калабарацыянізму, дадае Мартынаў.

«Такія людзі, як мэр Масквы Сяргей Сабянін, могуць запярэчыць, што яны не падтрымалі вайну. Сабянін не бегае па плошчах і не заклікае ўсіх забіваць. Зразумела, што ён не ў захапленні. Тым не менш яны называюць яго адным з лепшых адміністратараў. (...) Калі ўлада Пуціна скончыцца, яны пачнуць даказваць, што заўсёды імкнуліся зрабіць усё лепш. Яны пачнуць успамінаць свае гераічныя ўчынкі, калі, напрыклад, сядзелі на сёлетнім Пецярбургскім эканамічным форуме і не верылі сваім вушам».

Паводле Мартынава, Пуцін не паважае тых, хто вырас дзякуючы яму, у тым ліку Мядзведзева.

«Пасля сыходу Чубайса Мядзведзеў – відавочны казёл адпушчэння, які пры неабходнасці можа несці адказнасць. Расіяне – і эліта, і нацыя – яго не паважаюць. Ён меў рэпутацыю ліберала, што сёння не зʼяўляецца добрым брэндам. Таму Мядзведзеў вырашыў стаць фашыстам, каб выратавацца. Таму што чалавека, які дэманстратыўна заклікае да рэпрэсій супраць Украіны і Захаду, нельга забіць палітычна. Гэта характэрная рыса пуцінскай сістэмы. Калі на цябе нападае Аляксей Навальны, ты свой. Тым часам нават Навальны ўжо не цікавіцца Мядзведзевым, таму ён павінен клапаціцца сам пра сябе»- канстатуе публіцыст у размове з выданнем Dziennik Gazeta Prawna. Кірыл Мартынаў таксама паясняе рашэнне пачаць вайну супраць Украіны тым, што ў Крамля быў досвед 2014 года, калі Захад паводзіў сябе так, як прадказвалі дарадцы Пуціна, і Расія атрымала ўсё, што хацела.

аз

Ідзе балючы працэс адмовы ад ілюзіяў наконт намераў пуцінскай Расіі

26.06.2022 22:08
Расія - гэта імперская дзяржава, якая спрабуе паглынуць не толькі Украіну, але і Беларусь, пазбавіць іх незалежнасці.