Беларуская Служба

Беларускі ўрад змяняе прагнозы на 2020 год

21.10.2019 16:12
На даручэнне Аляксандра Лукашэнкі чыноўнікі дапрацавалі пакет прагнозных дакументаў на 2020 год.
Здымак мае ілюстрацыйны характарImage by Colin Behrens from Pixabay/CC0

Савет Міністраў Беларусі павялічыў прагназаваны тэмп росту ВУП краіны да 102,8 працэнта, паведамляе Белта.

Мяркуецца, што тэмпы росту экспарту тавараў і паслуг у 2020 годзе будуць на ўзроўні 103,6 працэнта, знешнегандлёвае сальда сфармуецца на ўзроўні 1 працэнт ВУП.

Таксама ўрад плануе павялічыць абʼём інвестыцыяў у асноўны капітал і паправіць тэмпы росту рэальнай заработнай платы ў 2020 годзе да 102,5 працэнтаў.

«Пры дапрацоўцы прагнозных дакументаў урадам распрацаваны план мер, якія фармуюць умовы для паскоранага росту эканомікі Беларусі. Прадугледжаныя планам меры накіраваны на павышэнне эфектыўнасці работы дзяржаўных арганізацыяў, развіццё малога і сярэдняга бізнесу, стымуляванне прытоку інвестыцыяў, выкарыстанню рэзерваў эканамічнага росту», – дадаюць у Саўміне.

У 2020 годзе дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту складзе 995,1 мільёнаў беларускіх рублёў (менш за 1 працэнт да ВУП), які будзе прафінансаваны за кошт знешніх дзяржаўных пазык ды астаткаў сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

юл