Беларуская Служба

Андрэй Стрыжак патлумачыў, чаму беларускае тэлебачанне нападае на фонд BySol

20.12.2020 15:44
«Гэта сведчыць аб тым, што мы робім вельмі важную справу, якая наносіць ім вялікія страты».
Ілюстрацыйны здымакфота: Facebook

Каардынатар фонду дапамогі BySol Андрэй Стрыжак адказаў на шматлікія пытанні пра заяву Святланы Галузы, якая ў перадачы на беларускім тэлебачанні (Беларусь 1) абвінаваціла фонд між іншым у тым, што ён адвольна карыстаецца грашыма, якія ўносяць беларусы на дапамогу людзям, пацярпелым ад рэжыму.

Стрыжак напісаў: «Святлана сапраўды працавала ў нашай камандзе і адказвала за маю асабістую камунікацыю. Некалькі тыдняў таму яна перастала з'яўляцца на працы (па яе словах у сувязі з самаізаляцыяй, бо была кантактам першага ўзроўню), увесь гэты час нармальна працавала і выконвала свае абавязкі. Аднак, на днях я атрымаў ад яе ліст прыблізна такога ж зместу як і відэа, якое апублікавала дзяржпрапаганда.

Наша каманда фармавалася ў жніўні досыць стыхійна, тады ніхто не думаў, што мы пойдзем на далёкі круг, таму мы не паглыбляліся ў дасканалую праверку членаў каманды. Гэта было нашай памылкай і з яе зроблены высновы. Мы ўжо высветлілі магчымыя прычыны такога раптоўнага дэмаршу з боку Святланы і падключылі сурʼёзныя рэсурсы для расследавання абставінаў. Мы ведалі, што Святлана раней працавала ў «Савецкай Беларусі», але ў жніўні многія журналісты пераходзілі на бок беларускага народа і мы прынялі рашэнне падтрымаць чалавека працай і заробкам. Фонд выплачвае заробкі сваім супрацоўнікам, для гэтага ў нас ёсць асобны спецыяльны збор на адміністрацыйныя выдаткі.

Калі б у Святланы на самай справе былі пытанні да дзейнасці фонду, яна магла звярнуцца ў літоўскую паліцыю або да нашых літоўскіх партнёраў, але замест гэтага яна вырашыла выкласці ролік у адным з каналаў, які актыўна мочыць штаб Ціханоўскай і фонд BySol. Больш за тое, цяпер гэта відэа актыўна раскідваецца ботамі па сетцы іншых ябацькаўскіх каналаў і нават выйшла на БТ. Дзяржпрапаганда ўжо некалькі тыдняў у прайм-тайм з зайздроснай упартасцю спрабуе знішчыць маю асабістую рэпутацыю і рэпутацыю фонду... Адна з асноўных задач – спроба надаць легітымнасці інфармацыйным укідам... Тое, што лукашысты марнуюць такую велізарную колькасць часу і грошай на псаванне рэпутацыі мяне і фонду, сведчыць аб тым, што мы робім вельмі важную справу, якая наносіць ім вялікія страты. І мы працягнем гэтую справу. Ужо на наступным тыдні мы пашырым сваю працу на палітвязняў і іхныя семʼі».

Андрэй Стрыжак дадае, што ўся справаздачнасць дзейнасці фонду размешчана на сайце bysol.org (у Беларусі заблакаваны рашэннем Міністэрства інфармацыі).

паводле Тэлеграм-канал BySol/нг