Беларуская Служба

Праваабаронцы прызналі палітвязнем Кардзюкова, асуджанага па «справе Шутава»

07.05.2021 17:35
Яны патрабуюць неадкладна перагледзець прысуд Аляксандру Кардзюкову і вызваліць яго з-пад варты пад падпіску аб невыездзе.
T
Tурмаpatrick489/pixabay.com/CC0 Public Domain

Праваабаронцы прызналі палітвязнем брастаўчаніна Аляксандра Кардзюкова, асуджанага па «справе Шутава», піша сайт Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Кардзюкова асудзілі на 10 гадоў, прызнаўшы вінаватым у замаху на забойства ў сувязі з ажыццяўленнем пацярпелым службовай дзейнасці і ў супраціве асобе пры выкананні ёй абавязкаў па ахове грамадскага парадку, спалучанага з выкарыстаннем гвалту.
Аляксандр Кардзюкоў быў разам з Генадзем Шутавым, калі таго застрэліў афіцэр сілаў спецыяльных аперацыяў. Як высветлілася пазней, у Брэсце падчас пратэстаў былі выкарыстаныя вайскоўцы, якіх адправілі ў горад са зброяй, але ў цывільнай вопратцы. Адзін з іх (у судзе быў названы як капітан Гаўрылаў) застрэліў Шутава пасля кароткага канфлікту.
Кардзюкова прызналі саўдзельнікам Шутава. Асудзілі іх абодвух (Шутава – пасмяротна).
Праваабаронцы адзначаюць, што ацэнка доказаў па розных аспектах справы праведзена павярхоўна і няпоўна альбо няправільна – з парушэннем прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці. Суд, на іх думку, не быў незалежным і бесстароннім.

Яны патрабуюць неадкладна перагледзець прысуд Аляксандру Кардзюкову і вызваліць яго з-пад варты пад падпіску аб невыездзе.

вс