Беларуская Служба

Фінляндыя гатовая ўзяць удзел ва ўрэгуляванні беларускага крызісу

23.09.2021 16:20
Аб гэтым кіраўнік МЗС Фінляндыі сказаў Макею ў Нью-Ёрку.
Сцяг Фінляндыіmayns82/pixabay.com/CC0 Public Domain

Фінскага міністра цікавілі пытанні правоў чалавека ў Беларусі, вялікай колькасці палітвязняў, міграцыі і дыялогу па мірнай перадачы ўлады.

Пэка Хаавіста заявіў, што з кіраўніком беларускага МЗС яны абмяркоўвалі праблему правоў чалавека, за парушэнне якіх Еўразвяз увёў санкцыі супраць Лукашэнкі і атачэння. Хаавіста таксама ўспомніў пра больш чым 600 палітвязняў у Беларусі, піша фінская газета Helsingin Sanomat.

Фінскі міністр сказаў, што давёў Макею інфармацыю аб тым, што Фінляндыя гатовая ўзяць удзел ва ўрэгуляванні беларускага крызісу ў рамках платформы АБСЕ. Таксама ён нагадаў, што беларуская апазіцыя неаднаразова заклікала да дыялогу, аднак улады ніяк не рэагавалі на гэта.

Пэка Хаавіста дадаў, што ў размове з Уладзімірам Макеем падымалася і тэма незаконнай міграцыі з тэрыторыі Беларусі ў краіны Еўразвязу.

23 верасня прэс-служба беларускага МЗС паведаміла, што ў Нью-Ёрку ў рамках Генасамблеі ААН кіраўнік МЗС Беларусі абмеркаваў з Пэкам Хаавістам «шэраг пытанняў у сферы ўзаемнай цікавасці».

яс/Свабода