Беларуская Служба

15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму – «рэйкаваму партызану» з Віцебску

17.09.2022 09:44
Быў затрыманы 6 сакавіка 2022 года за «падрыхтоўку акту тэрарызму». 
Сяргей Канавалаўфота:Вясна

Віцебскім абласным судом 16 верасня вынесены прысуд па крымінальнай справе аб наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці, аб падрыхтоўцы да здзяйснення акта тэрарызму і наўмыснаму прывядзенню ў непрыдатны стан сродкаў сувязі. Абвінавачаны – палітзняволены Сяргей Канавалаў.

Судовы працэс у закрытым рэжыме вёў суддзя Яўген Буруноў.

Сяргей Канавалаў з’яўляўся супрацоўнікам Віцебскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі УП «Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі». Быў затрыманы 6 сакавіка 2022 года за «падрыхтоўку акту тэрарызму». Згодна з дадзенымі МУС, мужчына нібыта планаваў вывядзенне са строю сістэм, якія забяспечваюць бяспеку чыгуначнага руху.

«Напярэдадні затрымання Канавалаў уступіў у канфлікт з намеснікам начальніка дыстанцыі сігналізацыі і сувязі па ідэалогіі, былым начальнікам транспартнай міліцыі, Глячковым В. А. (з якім раней ужо канфліктаваў). Глячкоў з ведама начальніка дыстанцыі Селіёнава паведаміў у ГУБАЗіК і КДБ аб падрыхтоўцы работнікам дыверсіі, у выніку чаго Канавалава арыштавалі без якіх-небудзь на тое рэальных падставаў», піша ПЦ Вясна.

Па інфармацыі МУС Канавалаў меў доступ да ўказанага абсталявання, але як піша «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси» Канавалаў не працаваў на перагонах, ён працаваў толькі ў будынку.

А 7 ліпеня 2022 года КДБ унёс Сяргея Канавалава ў «Спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

Судовы працэс распачаўся 24 жніўня ў закрытым рэжыме, таму акалічнасці справы пакуль невядомыя.

Сяргей Канавалаў прызнаны вінаватым у наўмысных дзеяннях, скіраваных на ўзбуджэнне нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці па прыкмеце нацыянальнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, і па ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін тры гады;

ён жа прызнаны вінаватым у падрыхтоўцы да здзяйснення іншых дзеянняў, якія ствараюць небяспеку гібелі людзей, прычынення ім цялесных пашкоджанняў і наступства іншых цяжкіх наступстваў у мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, запалохвання насельніцтва, дэстабілізацыі грамадскага парадку (акта тэрарызму), учыненых групай асоб, і па ч.1 арт. 13, ч. 2 арт. 289 Крымінальнага кодэкса яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 14 гадоў;

ён жа прызнаны вінаватым у падрыхтоўцы да наўмыснага прывядзення ў непрыдатны для эксплуатацыі стан сродкаў сувязі, калі гэтыя дзеянні маглі пацягнуць смерць чалавека, крушэнне, аварыю альбо іншыя цяжкія наступствы, учыненыя ў мэтах здзяйснення злачынства, прадугледжанага арт. 289, і ч. 4 арт. 309 Крымінальнага кодэкса яму прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 12 гадоў са штрафам у памеры 300 базавых велічынь.

Па сукупнасці злачынстваў, шляхам частковага складання пакаранняў і далучэння дадатковага пакарання, канчаткова прызначана абвінавачанаму Канавалаву пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 15 гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, са штрафам у памеры 300 базавых велічынь.

ав/Вясна

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі 11 «рэйкавых партызанаў»

21.04.2022 20:03
Па звестках на 21 красавіка ў Беларусі 1145 палітвязняў.

Беларуская актывістка ва Украіне: Украінцы з цяжкасцю вераць у тое, як жудасна рэжым Лукашэнкі распраўляецца з праціўнікамі вайны

11.08.2022 16:27
У Львове праходзіць выстава «Кольори білоруської революції», прысвечаная беларускім палітвязням, звязаным з Украінай.