Беларуская Служба

Урад Польшчы заклікае грамадзян застацца на Вялікдзень дома

04.04.2020 16:23
Сёлета каталіцкія велікодныя святы адзначаюцца 12 і 13 красавіка. 
    :
Барацьба з каранавірусам у Польшчы: дэзінфекцыя грамадскіх месцаў у Заходнепаморскім ваяводстве PAP/Marcin Bielecki

У сувязі з эпідэміяй, якая аб'яўленая на тэрыторыі Польшчы, урад краіны заклікае грамадзян застацца дома і адмовіцца ад падарожжаў на Вялікдзень. Сёлета каталіцкія велікодныя святы адзначаюцца 12 і 13 красавіка. Мы заклікаем палякаў адмовіцца ад паездак, сказаў кіраўнік Канцылярыі прэмʼер-міністра Польшчы Міхал Дворчык.

- Гэта сурʼёзная праблема, бо Вялікдзень – гэта сямейнае свята і час сустрэч з блізкімі. У сённяшняй сітуацыі самае галоўнае – гэта жыццё людзей, не толькі здароўе. Таму мы рэкамендуем адмовіцца ад паездак і застацца дома.

У сераду ўрад Польшчы ўвёў чарговы абмежаванні. У прыватнасці, былі закрытыя паркі і месцы адпачынку, гарадскія станцыі пракату ровараў, салоны прыгажосці і цырульні.

У крамах могуць знаходзіцца толькі тры чалавекі ў разліку на адну касу. З 10-й да 12-й гадзіны крамы і аптэкі абслугоўваюць выключна грамадзян, старэйшых за 65 гадоў.

Нармальна працуюць прадуктовыя крамы, аптэкі, касметычныя крамы і крамы з бытавой хіміяй, некаторыя прамысловыя крамы.

Жыхарам краіны дазваляецца выходзіць з дому толькі па важнай прычыне: на працу, за пакупкамі, у аптэку. За парушэнне рэжыму пагражаюць высокія штрафы.

вс