Беларуская Служба

Кіраўнік Мінабароны: Санкцыі за вайну ва Украіне павінны закрануць таксама Беларусь

04.10.2022 14:01
Беларусь з самага пачатку падтрымлівае расійскую агрэсію супраць Украіны, нагадаў кіраўнік польскага Мінабароны.
Кіраўнік польскага Мінабароны Марыюш Блашчак PAP/Radek Pietruszka

Польшча і ўвесь Паўночнаатлантычны альянс будуць працягваць падтрымліваць Украіну, запэўніў міністр нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак падчас адкрыцця двухдзённай канферэнцыі Warsaw Security Forum. Кіраўнік польскага Мінабароны таксама адзначыў неабходнасць забеспячэння належнай абароны членаў альянсу, якія актыўна ўдзельнічаюць у дапамозе Кіеву.

Віцэ-прэм'ер Марыюш Блашчак(Mariusz Błaszczak) дадаў, што Украіне патрэбныя дадатковыя пастаўкі зброі, амуніцыі і навучанне вайскоўцаў:

- Асабліва з улікам абʼяўленай у Расіі мабілізацыі важна захаваць належны баявы патэнцыял абаронцаў. Мы таксама поўнасцю заангажаваныя ў забеспячэнне гуманітарнай падтрымкі для Украіны, у тым ліку ў прыём бежанцаў. Польшча тут адна з лідараў.

Міністр нацыянальнай абароны Польшчы таксама падкрэсліваў неабходнасць аказання міжнароднага ціску на Расію шляхам увядзення новых санкцый і пераканання нейтральных краін разарваць кантакты з рэжымам Уладзіміра Пуціна. Пры гэтым ён дадаў, што такія ж дзеянні неабходна прымяніць і ў дачыненні да Беларусі, якая, як ён заявіў, з самага пачатку падтрымлівае расійскую агрэсію ва Украіне.

IAR /аз

Святлана Ціханоўская прыме ўдзел у Варшаўскім форуме па бяспецы

04.10.2022 11:01
У прыватнасці, яна будзе ўдзельнічаць у дыскусіі «Жанчыны ў сістэме міжнароднай бяспекі».