Беларуская Служба

Урад Японіі пратэстуе супраць размяшчэння Расіяй новых ракет на Курыльскіх выспах

02.12.2020 16:05
Справа Паўночных тэрыторый амаль на 60 гадоў блакуе заключэнне мірнага дагавора паміж Расіяй (як правапераемніцай СССР) з Японіяй.
Уладзімір ПуцінPAP/EPA/ALEXEY NIKOLSKY / SPUTNIK / KREMLIN POOL / POOL

Урад Японіі пратэстуе супраць размяшчэння Расіяй новых ракет С-300В4 на Курыльскіх выспах, якія Японія лічыць сваёй тэрыторыяй. Пра гэта заявіў у сераду кіраўнік кабінета міністраў Кацунобу Като.

Згодна з заявай Усходняй ваеннай акругі Расіі ў аўторак, ракеты С-300В4 пачалі баявое дзяжурства на Курылах, дапаўняючы ранейшыя ракеты ТОР-M2 з меншым радыюсам.

Паводле звестак Міністэрства абароны Расіі, новыя ракеты размешчаныя на востраве Ітуруп. Ён носіць японскую назву Этарофу і з'яўляецца найбуйнейшым з чатырох паўднёвых астравоў Курыльскага архіпелага, які ў Японіі называюць уласнай Паўночнай тэрыторыяй.

Гэтыя астравы былі акупіраваны ўзброенымі сіламі СССР у 1945 годзе. Японскі бок лічыць гэта незаконнай анэксіяй, паколькі, на яго думку, паўночныя тэрыторыі ніколі не належалі Расіі.

Як адзначае агенцтва AP, размяшчэнне ракет С-300В4 – яшчэ адна праява ўмацавання расійскага ваеннага патэнцыялу на спрэчных астравах, дзе раней былі самыя сучасныя знішчальнікі і супрацькарабельныя ракеты.

Справа Паўночных тэрыторый амаль на 60 гадоў блакуе заключэнне мірнага дагавора паміж Расіяй (як правапераемніцай СССР) з Японіяй.

ав