Беларуская Служба

У Францыі набірае абароты вакцынацыя

24.01.2021 11:01
Урад краіны абвясціў, што ўжо прышчэплена больш за мільён чалавек ад Covid-19.
Здымак мае ілюстрацыйны характарPAP/Radek Pietruszka

У апошнія дні ўрад пашырыў даступнасць прышчэпак для большай колькасці груп грамадства пасля таго, як СМІ і апазіцыя разкрытыкавалі занадта павольны пачатак кампаніі па вакцынацыі.

Цяпер у Францыі вакцыну могуць прымаць людзі сталага ўзросту ў дамах састарэлых і медыцынскія работнікі, старэйшыя за 50 гадоў.

Цягам апошняга тыдня ін'екцыі праводзіліся таксама людзям, старэйшым за 75 гадоў, і ўсім пацыентам з павышанай рызыкай цяжкай формы захворвання, незалежна ад узросту.

Наступны этап кампаніі вакцынацыі пачнецца на пачатку лютага. Пры гэтым французскія органы аховы здароўя рэкамендуюць павялічыць інтэрвал паміж ін'екцыямі - з чатырох да шасці тыдняў. Гэта робіцца для таго, каб пазбегнуць недахопу даступных доз.

Урад Францыі мяркуе, што зможа прышчапіць больш за чатыры мільёны грамадзян да канца сакавіка.

Прэм'ер-міністр Францыі Жан Кастэкс таксама падзякаваў медыцынскаму персаналу і медыцынскім установам, якія прымаюць удзел у кампаніі па вакцынацыі.

ПР/юл