Беларуская Служба

Перамогі ЗСУ негатыўна ўплываюць на расійскую інфармацыйную прастору

03.10.2022 10:33
Крамлёўскія СМІ і расійскія вайсковыя блогеры з-за страты Лімана пачалі крытыкаваць бюракратычныя правалы частковай мабілізацыі.
Надоечы ўкраінскія вайскоўцы апублікавалі кадры ўваходу ў Ліманфота: Facebook/topwar.ru

Украінскія войскі працягвалі наступаць у Данецкай вобласці, яны прарвалі расійскія абаронныя пазіцыі на паўночным усходзе Херсонскай вобласці. Перамогі ЗСУ негатыўна ўплываюць на расійскую інфармацыйную прастору.

Пра гэта гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытуту па вывучэнні вайны.

Паражэнне Расіі ў Харкаўскай вобласці і Лімане ў спалучэнні з няздольнасцю Крамля эфектыўна і справядліва правесці частковую мабілізацыю карэнным чынам змяняюць расійскую інфармацыйную прастору. Крамлёўскія СМІ і расійскія вайсковыя блогеры з-за страты Лімана пачалі крытыкаваць бюракратычныя правалы частковай мабілізацыі.

«Крыніцы ў Крамлі і вайсковыя блогеры тлумачаць паразу вакол Лімана і Харкаўскай вобласці няздольнасцю расійскіх вайскоўцаў належным чынам забяспечыць і ўзмацніць расійскія сілы на поўначы Данбаса і скардзяцца на адсутнасць празрыстасці падчас вайны. Некаторыя госці моцна рэдагуемых праграм крамлёўскага тэлебачання, якія выйшлі ў эфір 1 кастрычніка, нават крытыкавалі рашэнне расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна анексаваць 4 украінскіх вобласці перад тым, як абараніць іх адміністрацыйныя межы ці нават лінію фронту, выказваючы сумневы ў здольнасці Расіі калі-небудзь акупаваць гэтыя тэрыторыі цалкам», – гаворыцца ў справаздачы Інстытуту.

Адзначаецца, што расійскія прапагандысты ўжо не хаваюць свайго расчаравання мабілізацыйным працэсам у РФ, у прыватнасці, зважаюць на тое, што ў шэрагі арміі часта трапляюць алказалежныя.

Некаторыя, выступаючы ў прамым эфіры па тэлебачанні, выказалі занепакоенасць тым, што мабілізацыя не створыць сілы, неабходныя для аднаўлення ініцыятывы на полі бою, улічваючы нізкую якасць расійскіх рэзерваў.

Хартыя'97/нг