Беларуская Служба

«Усходнікі» і «заходнікі»: падзелены народ?

13.12.2019 14:21
«У карціне свету «усходніка» жыхары Заходняй Беларусі часта асацыююцца з такім  магічным промыслам, як чарадзейства: «Не, у нас не чаруюць. Гэта там, за мяжой».
Аўдыё
  • Прафесара Полацкага ўніверсітэту Уладзімір Лобач распавядае як беларусы глядзелі адзін на аднаго з розных бакоў тагачаснай мяжы.
.
..

Гісторыя не раз дзяліла адзін народ надзейным мурам. Бадай што самым яскравым прыкладам, з'яўляецца Берлінская сцяна. Цягам амаль 30 гадоў адзіны нямецкі народ падзяляла непрыступная бетонная спаруда, за пераадольвання якой, часта пагражала нават смерць. Народ Карэі дагэтуль разʼяднаны 38 паралеллю.

Беларусы таксама дазналі існавання з двух бакоў адной мяжы. Гаворка ідзе пра міжваеннае дваццацігоддзе – 1921 -39 гг. Прафесара Полацкага ўніверсітэту Уладзімір Лобач распавядае як беларусы глядзелі адзін на аднаго з розных бакоў тагачаснай мяжы.

-Жыццё на памежжы перад усім абумоўлена асаблівым парадкам на гэтай мяжы, які абавязкова пільнуецца. Мяжа – гэта людзі са зброяй, якія раптам з’яўляюцца там, дзе раней іх не было. Такім чынам міфалагічная небяспека мяжы набывае рэальны характар. Такі стан рэчаў усведамлялі і кантрабандысты, якія рабілі свой бізнес у гэтых умовах, і ўцекачы. Прасцей кажучы, чалавек можа быць застрэлены пры кожнай спробе перасекчы мяжу. З гэтай рэальнай небяспекай прыходзілася лічыцца.

З іншага боку, кантрабандыстаў я згадаў невыпадкова. Небяспечнае падарожжа ў іншасвет (на той бок) – гэта небяспечнае падарожжа, але яно прыносіла вялікія дывідэнды. Гэта вельмі цікавым чынам інтэрпрэтуецца ў фальклорнай памяці. Прыбытак кантрабандыстаў гіпертрафуецца ў мяхі з золатам, якія выносілі за ўсходняй мяжы, паўстае сапраўдная міфалагічная трактоўка.

Падсумоўваючы, замежжа адначасова ўяўляла сабой пагрозлівы, страшны вобраз але і прывабны, незнаёмы свет, дзе можна атрымаць новыя магчымасці.

Успрыняццё іншых, у тым ліку іншай групы людзей (няхай нават блізкай), грунтуецца на пэўнай стэрэатыпізацыі. Якія стэрэатыпы паспелі паўстаць уздоўж гэтай мяжы?

-Калі казаць менавіта пра перыяд 1921-39 гг. Можна заўважыць, што паўнавартасныя ўстойлівыя і калектыўныя стэрэатыпы скласціся не паспелі. Існавалі напаўфальклорныя вобразы, бо людзям не хапала інфармацыі. Вопыт перабежчыкаў ці кантрабандыстаў не быў даступны ўсёй вясковай супольнасці, гэты досвед быў таемны. Падобныя згадкі мы назіраем у сямейнай памяці.

На дадзеным грунце паўстала шмат цікавых фальклорных канструктаў. Напрыклад «маўклівыя» ці «нямотныя ўсходнікі». Якія падчас гаспадарчых працаў на мяжы маўчалі і не адказалі на нейкія рэплікі, пытанні «заходнікаў», нават у выпадку, калі да іх звярталіся сваякі. Такія паводзіны ў свядомасці вясковага чалавека спараджалі ўяўленне пра нейкую ненармальнасць жыцця там. Маўклівасць, немата, цішыня ў народнай традыцый карціне свету з’яўляецца адназначнай прыкметай іншасвету.

Вы ўжо крыху закранулі гэтую тэму, аднак, папрашу ўдакладніць. Мы размаўляем перад усім пра сельскую мясцовасць. Жыхары тагачаснай беларускай вёскі ў большасці сваёй не знаходзіліся ў стане класічнай нацыянальнай самасвядомасці. У значанай ступені іх адчуванне свету вызначалася яшчэ дахрысціянскімі паганскімі архетыпічнымі вобразамі. Як гэта прыклалася на падзел на «усходнікаў» і «заходнікаў»?

-Вельмі выразным прыкладам гэтага з’яўляецца тое, што ў карціне свету «усходніка» жыхары Заходняй Беларусі часта асацыююцца з такім дэструктыўным і магічным промыслам, як чарадзейства. «Не, у нас не чаруюць. Гэта там, за мяжой». Самае цікавае ў гэтым стэрэатыпе тое, што тут «чужы» або «іншы» апісваецца па сродках канструктаў або ідэй актуальны акурат для «усходнікаў». (...)

Экспедыцыі Полацкага ўніверсітэту выразна паказалі, што тэматыка чарадзейства, знахарства і ўласна міфалогіі найбольш прадстаўлена акурат на Усходзе. Наратывы падобнага кшталту значна радзей сустракаюцца ў Заходняй Беларусі. Такім чынам «Усходнікі» характарызавалі іншых з дапамогай рэалій, якія былі ўласцівыя свайму свету.

Дадзены стэрэатып, гэта той выпадак, калі ён гаворыць пра яго носьбіта, а не пра таго, каго ён апісвае.

Пакуль у нашай размове вы яшчэ ані разу не ўзгадалі фактар прапаганды. У часы санацыйнай Польшчы і сталінскага савецкага саюзу прапаганда з абодвух бакоў мяжы працавала напоўніцу. Якое значэнне мела прапаганда ў тым, як беларусы з розных бакоў мяжы глядзелі адзін на аднаго?

-Цікава, што прапаганда была больш эфектыўная з польскага боку. Па сваёй эфектыўнасці на ўсходзе прапаганда саступала наўпроставым фізічным рэпрэсіям. Жыхары заходняга боку мяжы кажуць – «Так мы баяліся, бо палякі казалі - прыйдуць рускія і будуць забіваць» і гэта прапаганда.

Аднак жыхар усходу выдатна ведаў, што можа быць у выпадку, калі ён загаворыць на мяжы, а яшчэ, крый божа, схавае ўцекача – яго чакае фізічнае расправа. Непасрэдны вопыт быў на першым месцы ў калектыўным страху, які адчувалі «усходнікі» да «заходнікаў». (...)

На завяршэнне гутаркі прафесар Кафедры гісторыі Полацкага ўніверсітэту Уладзімір Лобач дадаў, што некаторая розніца ў калектыўнай свядомасці «заходнікаў» і «усходнікаў» дажыла да нашых дзён.

Эдуард Жолуд

Слухайце аўдыё!