Беларуская Служба

80 гадоў таму Палітбюро ЦК падпісала дакумент аб расстрэле польскіх ваеннапалонных

06.03.2020 16:31
«Все они являются заклятыми врагами советской власти, преисполненными ненависти к советскому строю». 
Аўдыё
  • 80 таму Палітбюро ЦК падпісала дакумент аб расстрэле польскіх ваеннапалонных
Katyń, Rosja, 1943. Obdukcja zwłok polskich oficerów zamordowanych w Katyniu w 1940 roku
Katyń, Rosja, 1943. Obdukcja zwłok polskich oficerów zamordowanych w Katyniu w 1940 rokuPAP/CAF/reprodukcja

5 сакавіка споўнілася 80 гадоў адной з найбольш трагічных датаў у сучаснай польскай гісторыі. У той дзень у 1940 годзе Палітбюро Цэнтральнага камітэту КПСС прыняло рашэнне расстраляць польскіх ваеннапалонных, якія ўтрымліваліся ў лагерах у Казельску, Асташкаве і Старабельску, а таксама ў турмах на тэрыторыі былых усходніх ваяводстваў даваеннай Польшчы. Сталінскія каты забілі каля 22 тыс. палякаў.

«Все они являются заклятыми врагами советской власти, преисполненными ненависти к советскому строю. Военнопленные офицеры и полицейские, находясь в лагерях, пытаются продолжать контрреволюционную работу, ведут антисоветскую агитацию. Каждый из них только и ждет освобождения, чтобы иметь возможность активно включиться в борьбу против советской власти», – гаворыцца ў запісацы, якую напісаў Іосіфу Сталіну старшыня НКУС Лаўрэнцій Берыя.

Далей у запісцы ідзе дакладны спіс польскіх чыноўнікаў і афіцэраў, а ў канцы – наступныя словы: «(...) рассмотреть в особом порядке, с применением к ним высшей меры наказания – расстрела. Рассмотрение дел провести без вызова арестованных и без предъявления обвинения, постановления об окончании следствия и обвинительного заключения в следующем порядке (...)».

Што гэта азначае? А тое, што не было ніякага суда, а людзей расстралялі толькі таму, што былі палякамі і служылі альбо працавалі на польскую дзяржаву. І так пачалася фінальная стадыя так званага «Катынскага расстрэлу» альбо «Катынскага злачынства», як названая гэтая трагічная падзея ў польскай гістарыяграфіі.
«Катынскае злачынства» закранула ў тым ліку і Беларусі, бо ў БССР таксама расстрэльвалі палякаў на падставе злачыннага рашэння Палітбюро. Існуе нават акрэсленне «Беларускі катынскі спіс». Што гэта азначае? Тлумачыць кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў (слухайце аўдыёфайл).

Расстрэльвалі палякаў у красавіку – траўні 1940 года.

Вясной 1943 года аб пахаваннях палякаў пад Смаленскам заявілі нямецкія акупацыйныя ўлады. Навіны пра гэта разышліся па ўсёй Еўропе – як свабоднай, так і акупаванай. 16 красавіка 1943 года газета «Известия» выйшла з нататкай ад Савецкага інфармбюро, у якой гэтая інфармацыя абвяшчалася паклёпніцкай.

Пасля вызвалення Смаленска ў студзені 1944-га на месца расстрэлаў выехала спецыяльная камісія пад кіраўніцтвам акадэміка Мікалая Бурдэнкі, якая заявіла пра віну гітлераўцаў у расстрэле палякаў.

На Нюрнбергскім працэсе пытанне пра польскіх ваеннапалонных паўстала ў сувязі з пазіцыяй нейтральных краін – Швецыі і Швейцарыі. Разгляд катынскага эпізоду выклікаў пэўныя сутыкненні паміж абвінаваўцамі ад СССР, Вялікабрытаніі і ЗША. Па выніках допыту сведкаў было прынятае рашэнне: «За недахопам доказаў не ўключаць справы аб катынскіх расстрэлах у прысуд Міжнароднага ваеннага трыбунала».

У эміграцыйным польскім друку матэрыялы пра Катынь і пра лёсы ваеннапалонных сталі з'яўляцца яшчэ з канца 1940-х гадоў. А афіцыйная праўда пра «Катынскі расстрэл» стала вядомая на хвалі савецкай перабудовы і галоснасці.

вс

слухайце аўдыёфайл

у перадачы выкарыстаная музыка Кшыштафа Пэндэрэцкага


Больш на гэтую тэму: Машына часу