Беларуская Служба

Люцына Цверчакевічова - полька, якая апярэдзіла сваю эпоху

24.07.2020 18:21
Тыражы кніг Цверчакевічовай былі большыя, чым наклады твораў Міцкевіча і Славацкага.
Аўдыё
  • Люцына Цверчакевічова - полька, якая апярэдзіла сваю эпоху
 . ,    Biesiada Literacka  1901
Люцына Цверчакевічова. Здымак, апублікаваны ў часопісе Biesiada Literacka ў 1901 годзеpublic domain

У кулінарнай рубрыцы «Лыжка і відэлец», якая гучыць у нашым эфіры кожны аўторак, мы не раз згадвалі прозвішча жанчыны, якая аказала вялікі ўплыў на развіццё польскай кухні і хатняй гаспадаркі. Дарэчы, рэцэпты таксама можна было пачуць у перадачы. Звалі яе Люцына Цверчакевічова.

Вядомая аўтарка кулінарных кніг нарадзілася ў 1826 годзе ў сям'і фон Бахманаў. Дачка юрыста, атрымала добрую хатнюю адукацыю. Пасля развода з першым мужам, памешчыкам Феліксам Сташэўскім, прозвішча якога насіла пэўны час, выйшла замуж за інжынера Станіслава Цверчакевіча. І менавіта пад прозвішчам свайго другога мужа яна атрымала шырокую вядомасць.

Дзякуючы Люцыне Цверчакевічовай у польскай кухні адбылася сапраўдная рэвалюцыя. Яна выдала некалькі кулінарных кніг ды кніг пра тое, як весці хатнюю гаспадарку, але найбольш папулярнай была кніга «365 абедаў за 5 злотых», упершыню выдадзеная ў 1860 годзе. У тыя часы гэта была найбольш папулярная кніжная пазіцыя – выйшла ажно 20 выданняў. Гаворыцца, што кніга «365 абедаў...» займала пачэснае месца ў кожным польскім доме побач з Бібліяй. Тыражы кніг Цверчакевічовай былі большыя, чым наклады твораў Міцкевіча і Славацкага, а ганарар за «365 абедаў...» быў большым, чым за славутыя раманы Пруса і Сянкевіча. Гаворыцца, што за заробленыя на кнігах грошы пісьменніца магла б купіць тры вялікія маёнткі.

У кнізе «365 абедаў за 5 злотых» былі рэцэпты абедаў з чатырох страў на кожны дзень года. Акрамя таго, у ёй былі раздзелы, прысвечаныя мясным стравам, рыбным, дэсертам і г.д. Адным словам, гэта была поўная і вельмі шырокая кулінарная кніга, якая аблягчыла жыццё шматлікім гаспадыням і кухаркам.

Але Люцына Цверчакевічова займалася не толькі кухняй – яна на працягу амаль 30 гадоў была загадчыцай аддзелу моды і хатняй гаспадаркі ў часопісе «Блюшч». Гэты сучасны на той час часопіс быў прызначаны для жанчын і карыстаўся вялікай папулярнасцю ў іх. Цверчакевічова пільна сачыла за моднымі трэндамі ў французскіх і аўстрыйскіх часопісах і старалася іх перадаваць полькам. Хоць сама пісьменніца да моды не падыходзіла безкрытычна і раіла апранацца адпаведна пары года і фігуры. Адначасова яна была вельмі непасрэдная. Здаралася, што прыйшоўшы на прыём, яна прама звяртала жонцы гаспадара ўвагу на тое, што ў яе штучная біжутэрыя, а не арыгінальная.

У 19 стагоддзі правілы асабістай гігіены жадалі лепшага – людзі нячаста мянялі пасцель і не кожны дзень чысцілі зубы. З гэтым вырашыла змагацца Цверчакевічова, часта выклікаючы шок у чытачоў і пішучы пра вельмі, як на тыя часы, асабістыя справы.

Але ў вядомай пісьменніцы былі і цёмныя бакі біяграфіі. Па-першае, яна была вельмі скупая і ў кожнай краме збівала цану, выкарыстоўваючы сваю пазіцыю і папулярнасць. «Гэтая баба хоча купляць за палову ці нават чвэрць цаны», – скардзіліся ўладальнікі крамаў. Многія таксама яе не любілі за доўгі язык – яна казала тое, што думала, прама ў вочы.

Акрамя літаратурнай і журналісцкай дзейнасці, спадарыня Люцына вяла салон, куды запрашала ахвотных на абеды паводле яе рэцэптаў. Зразумела, не за бясплатна. А з 1875 года пачала рэдагаваць штогадовы каляндар з рэцэптамі і хатнімі парадамі, які прадаваўся на новы год і стаў таксама дадатковай крыніцай даходаў.

Паводле даследчыкаў, яна была сучаснай жанчынай, а яе погляды на жыццё значна апярэджвалі эпоху, у якой яна жыла. Ужо тады Цверчакевічова казала і пісала пра карысць здаровага харчавання, руху і гімнастыкі.

Агулам яна выдала некалькі кніг, кожная з якіх стала бестселерам.

Памерла пісьменніца ў 1901 годзе ў Варшаве.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу