Беларуская Служба

Чаму беларусы так доўга церпяць гвалт, чаму пратэст не радыкалізуецца?

08.12.2020 15:17
Ёсць гэтаму гістарычнае тлумачэнне – беларусы лепш, чым хтосьці іншы разумеюць, што значыць узяць у рукі зброю.
Аўдыё
 .  6
Ілюстрацыйны здымак. Затрыманні 6 снежняфота: PAP/EPA/STR

Апошнія тры месяцы група сацыёлагаў праводзіла вялікае сацыялагічнае даследаванне пра прыроду беларускіх пратэстаў і матывацыю яе ўдзельнікаў.

Навукоўцы прыйшлі да высновы, што каталізатарам сёлетніх падзей сталі не столькі фальсіфікацыі на выбарах, да чаго беларусы прывыклі, колькі падзеі 9-11 жніўня, калі Лукашэнка развязаў вайну супраць уласнага народа. Вельмі раззлавала жыхароў Беларусі таксама стаўленне кіраўніка дзяржавы да пагрозы, звязанай з пандэміяй каранавіруснай інфекцыі.

Беларусы перасталі баяцца, нават небяспека трапіць за краткі іх ужо не пужае, – гэта адна з важнейшых высноваў даследаванняў, вынікі якога прадставіў на мінулым тыдні кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні прафесар Андрэй Вардамацкі. Таксама пратэстоўцы настаўленыя на доўгатэрміновы пратэст, гатовыя ўдзельнічаць у пратэстах нават год і даўжэй, пры гэтым супрацьстаянне не перарастае ў агрэсіўную форму.

Чаму беларусы так доўга церпяць гвалт з боку ўладаў, чаму пратэст не радыкалізуецца? З розных бакоў, асабліва з замежжа, ужо здаўна гучаць такія меркаванні, што вось-вось пратэстоўцы пачнуць паліць шыны, кідаць кактэйлі Молатава ў АМАП, ісці штурмам браць дзяржаўныя будынкі. Усяго гэтага не адбываецца, што здзіўляе, напрыклад, шматлікіх украінцаў, у якіх рэвалюцыя прайшла значна больш крывава. На думку сацыёлага Андрэя Вардамацкага, ёсць гэтаму гістарычнае тлумачэнне – беларусы лепш, чым хтосьці іншы разумеюць, што значыць узяць у рукі зброю.

- Ёсць простае гістарычнае тлумачэнне. Тая частка тэрыторыі, на якой пражываюць людзі, якія цяпер пратэстуюць, ледзь не кожныя дваццаць гадоў, амаль кожнае пакаленне, праходзіла праз жахлівую вайну. У выніку нейкая частка жыхароў трапляла ў зямлю – адна трэцяя, адна чацвёртая, а нават і палова, як падчас пятроўскіх войнаў. Гэта сфармавала магутны генетычны код, які заключаецца ў тым, што беларусы ясна, лепш, чым хтосьці іншы, разумеюць, што значыць узяць у рукі зброю і да якіх наступстваў гэта давядзе. Гэта перавешвае тую эмоцыю, якая ўзнікае ў выніку секунднай злосці на амапаўца, калі хочацца адказаць. Канешне, аднаго тлумачэння мала, прычын больш, але гэты феномен, генетычны код, на маю думку, дамінуе.

Беларусы выходзяць на вуліцы беларускіх гарадоў ужо роўна чатыры месяцы, пратэстуючы супраць несправядлівых выбараў і гвалту з боку сілавых структур. Канешне, пратэсты былі самыя масавыя ў цёплыя месяцы, з надыходам халадоў іх маштаб зменшыўся. Але, як вынікае з даследаванняў прафесара Вардамацкага, людзі не збіраюцца спыняцца. Яны разумеюць, што не ўдасца хутка прымусіць улады да сыходу, таму пратэст будзе доўгім, а холад – не перашкода.

- Зіма – дык гэта ж цёплая вопратка, не так балюча, калі дубінкай удараць. Людзі яшчэ кажуць: дык нам з любога акна гарачага чаю дадуць і г.д., таксама ёсць іншыя такога роду пазітыўныя выказванні. Я, канешне, добра разумею, што ёсць розніца паміж вербальнымі ды сапраўднымі паводзінамі, і што рэальныя паводзіны будуць праяўляцца ў крыху паніжанай форме, але настрой у беларусаў такі.

У Беларусі ўжо, бадай, амаль няма людзей, хто б не быў сам затрыманы або не ведаў кагосьці, хто прайшоў праз Акрэсціна або іншы следчы ізалятар. Праз млын сілавікоў прайшлі ўжо каля 30 тыс. чалавек. Па словах сацыёлага, арышт заўсёды ў часткі людзей адбівае ахвоту далей пратэставаць, але іншыя становяцца яшчэ больш рашучымі.

- Ёсць дзве рэакцыі. Першая – адыход ад пратэсту, а другая – вяртанне і яшчэ больш актыўны ўдзел у пратэстах. Мы пакуль яшчэ не ведаем суадносінаў, прапорцыю людзей, якія прайшлі праз Акрэсціна і вяртаюцца яшчэ больш загартаванымі або наадварот адыходзяць. Адназначна можам сказаць, што няма такога ўздзеяння, якое ў стане цалкам пагасіць пратэсты. Вельмі магутная матывацыя, хаця хвалі ёсць і будуць. Сіла крэатыўнасці пратэстоўцаў на столькі вялікая, што яны заўсёды знойдуць нейкае крэатыўнае рашэнне. Хаця б змена фармату, якая адбылася.

Паводле даследаванняў, праведзеных сацыёлагам, усё менш беларусаў хоча інтэграцыі з Расіяй. Самая важная змена, на думку даследчыка, менавіта ў пераарыентацыі беларусаў з інтэграцыі з Расіяй на большую прыхільнасць у стаўленні да Еўрапейскага звязу. Пакуль цяжка сказаць, ці гэта доўгатэрміновая тэндэнцыя.

нг