Беларуская Служба

Ветэраны Арміі Краёвай: Захавайце Польшчу для будучых пакаленняў

14.02.2022 11:21
80 гадоў таму была заснавана Армія Краёвая – найбуйнейшая падпольная арганізацыя ў акупаванай немцамі Еўропе.
Аўдыё
  • 80 гадоў таму была заснавана Армія Краёвая
80      .
80 гадоў таму была заснавана Армія Краёвая.PAP/Adam Warżawa

80 гадоў таму была заснавана Армія Краёвая – найбуйнейшая і найлепш арганізаваная падпольная ваенная арганізацыя, якая дзейнічала ў акупаванай немцамі Еўропе. Яна аб’ядноўвала каля 200 вайсковых арганізацый і падпарадкоўвалася галоўнакамандуючаму і ўраду Польшчы ў выгнанні. Летам 1944 года, у перыяд максімальнай баяздольнасці, сілы Арміі Краёвай налічвалі каля 360-380 тысяч жаўнераў, у тым ліку амаль 11 тысяч афіцэраў.

14 лютага 1942 года галоўнакамандуючы генерал Уладзіслаў Сікорскі падпісаў загад аб пераўтварэнні Саюза ўзброенай барацьбы ў Армію Краёвую. Такім чынам была створаная арганізацыя, якая аб’ядноўвала некалькі сотняў тысяч чалавек па ўсёй краіне, мела ўласную разведку, вырабляла ўласную зброю і нават дзейнічала ў адказ на рэпрэсіі Трэцяга Рэйху. Феномен Арміі Краёвай і яе эфектыўнасць заключаліся ў поўнай падтрымцы з боку польскага грамадства, кажа гісторык Катажына Утрацка(Katarzyna Utracka) з Музея Варшаўскага паўстання:

- Поспех Польскай падпольнай дзяржавы і эфектыўнай дзейнасці Арміі Краёвай таксама былі вынікам падтрымкі з боку польскага грамадства. Паводле розных ацэнак, Армія Краёвая налічвала ад 250 да 300 тысяч членаў. Аднак астатняя частка польскага грамадства падтрымлівала дзейнасць Польскай падпольнай дзяржавы, дапамагала ёй. Гэта таксама ўплывала на агульны поспех.

Гісторык Шыман Нядзела(Szymon Niedziela) нагадаў, што Армія Краёва ва ўмовах акупацыі і поўнай канспірацыі, не толькі вырабляла аўтаматычную зброю, але і распрацавала свой варыянт кулямёта. «Гэта патрабавала ідэальнай арганізацыі», – адзначае гісторык:

-Гэта тэхналагічны цуд, калі ва ўмовах акупацыі ўдаецца прадукаваць высокаяксаную аўтаматычную зброю, то бок польскія «Стэны» па ўзоры брытанскага арыгінала, а таксама распрацаваць польскія пісталеты «Błyskawica» (бел. Маланка). Гэта не магло адбыцца без тэхналагічнай падтрымкі і выдатных інжынераў і збройнікаў.

Дзеянні Арміі Краёвай выходзілі за даваенныя межы Польшчы. Дзякуючы дасканала падробленым дакументам, добрай арганізацыі і мужнасці членаў Армія Краёва наносіла ўдары на тэрыторыі Трэцяга Рэйху. Так дзейнічала, напрыклад, падраздзяленне Арміі Краёвай «Загра-лін» (поль. Zagra-Lin) пад камандаваннем Бэрнарда Джызгі, распавядае гісторык:

-Задачай Арміі Краёвай былі атакі, як на тэрыторыях, анексаваных Трэцім Рэйхам, так і на тэрыторыі Трэцяга Тэйху. Напрыклад, польскія жаўнеры заклалі выбуховае прыстасаванне на чыгуначным вакзале «Фрыдрыхстрасэ» (нем. Friedrichstraße) у Берліне і на галоўным чыгуначным вакзале ў Вроцлаве. Дарэчы на сцяне будынка вакзала ў Вроцлаве змешчаная памятная дошка, прысвечаная Бэрнарду Джызгу і падраздзяленню «Загра-лін».

Старшыня Сусветнага саюза Арміі Краёвай Тэрэза Станэк (Teresa Stanek), псеўданім «Міцуко», кажа, што Армія Краёвая была не толькі вайсковай арганізацыяй:

- Першая ўмова была такая: хочаш змагацца, то вучыся. Ты павінен знайсці час, як на ваенную падрыхтоўку, так і выконванне сваіх штодзённых абавязкаў. Навука – гэта быў загад. Нагадваю, тады эфектыўна дзейнічалі не толькі падпольныя базавыя ці сярэднія школы, але таксама ўніверсітэты.

Урачыстасці з нагоды 80-годдзя ўзнікнення Арміі Краёвай працягваюцца ў Польшчы з учарашняга дня. Па ўсяе Польшчы прадстаўнікі ўладаў, няўрадавых арганізацый і ветэраны ўскладаюць кветкі да месцаў памяці жаўнераў Арміі Краёвай, адкрываюцца выставы, ладзяцца канферэнцыі. У другой палове дня ў рамках святкавання на фасадзе Нацыянальнага стадыёна ў Варшаве, стадыёна «Легіі» ў Кракаве і на многіх іншых будынках у краіне будзе высветлены лозунг: «АК – за любоў да Польшчы».

Напярэдадні 80-годдзя ўтварэння Арміі Краёвай былыя жаўнеры АК на чале са старшынём Савета па справах ветэранаў і рэпрэсаваных асоб Багуслвам Нізеньскім(Bogusław Nizieński) звярнуліся да маладога пакалення палякаў з заклікам да добрай службы Радзіме:

- Жаўнеры АК загінулі за незалежную Польшчу. Памятаючы пра іх і пра нас- астатніх жаўнераў Арміі Краёвай, захавайце Польшчу для будучых пакаленняў. Пра гэта просім мы – ветэраны Арміі Краёвай.

Ускладаючы кветкі на магілах жаўнераў Арміі Краёвай на варшаўскіх могілках «Павонзкі», прэзідэнт Анджэй Дуда нагадаў пра іх гераічную барацьбу за Радзіму:

- Мы ўдзячныя ўсім, якія тады не вагаліся, не баяліся і змагаліся. Сёння мы ўшаноўваем іх памяць і маем надзею, што палякі ніколі больш не будуць прымушаныя ствараць падпольную дзяржаву і ніколі больш не будуць прымушаны змагацца за незалежнасць Польшчы.

Найбуйнейшым мерапрыемствам Арміі Краёвай было распачацце Варшаўскага паўстання, падчас якога аддзелы Польскай падпольнай дзяржавы 63 дні змагаліся за вызваленне сталіцы. Армія Краёва змагалася таксама за вызваленне, між іншым, Вільні і Львова.

19 студзеня 1945 года, пасля таго, як Чырвоная Армія заняла большую частку тэрыторыі Польшчы, генерал Леапольд Акуліцкі «Медзведзяня» даў загад аб роспуску Арміі Краёвай. Тым не менш частка жаўнераў працягвала барацьбу з савецкімі і камуністычнымі службамі бяспекі ў шэрагах новых падпольных арганізацый, напрыклад, у рамках Аб'яднання «Свабода і Незалежнасць».

Пасля вайны жаўнеры Арміі Краёвай падвяргаліся пераследу з боку камуністычных уладаў Польшчы, многія з іх былі прыгавораны да смяротнага пакарання або да шматгадовага зняволення.

IAR / аз

Жаўнеры войскаў тэрытарыяльнай абароны аддаюць даніну памяці героям Арміі Краёвай

13.02.2022 12:02
80 гадоў таму Саюз узброенай барацьбы быў перайменаваны ў Армію Краёву.

80 гадоў таму паўстала Армія Краёва

14.02.2022 09:43
Найбуйнейшай узброенай аперацыяй Арміі Краёвай было Варшаўскае паўстанне, якое ўспыхнула 1 жніўня 1944, крывава здушанае нацыстамі са згоды Сталіна.