Беларуская Служба

У Мінску канцэртам ушануюць памяць вядомага музычнага крытыка Вітаўта Мартыненкі

21.09.2019 10:21
Вітаўту Мартыненку 29 верасня, у дзень правядзення канцэрта, споўнілася б 60 гадоў.
Аўдыё
  • Беларускія музыкі ўшануюць памяць вядомага крытыка, пісьменніка і паэта Вітаўта Мартыненкі
Вітаўт Мартыненка фота: belsat.eu

Беларускія музыкі ўшануюць памяць вядомага крытыка, пісьменніка і паэта Вітаўта Мартыненкі, якому б 29 верасня споўнілася 60 гадоў. У гэты дзень Кася Камоцкая, Аляксандр Памідораў, Алесь Лютыч, Ігар Варашкевіч, Алег Хаменка, Андрэй Плясанаў, Алесь Камоцкі і іншыя героі кніг аўтара выступяць з акустычным канцэртам у палацы культуры імя Шарко (Мінск, вул. Уральская, 3).

Да канцэрта будзе выдадзены зборнік песень, напісаных на вершы Мартыненкі або перакладзеных ім.

Пра Вітаўта Мартыненку, які, дарэчы, шмат гадоў быў верным слухачом Беларускай службы Польскага радыё, а таксама сам канцэрт расказвае яго арганізатар, музычны прадзюсар і кіраўнік «Беларускай музычнай альтэрнатывы» Віталь Супрановіч. З ім размаўляе Валеры Саўко.

слухайце аўдыёфайл

Вітаўт Мартыненка – журналіст, пісьменнік, паэт, музычны крытык. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, працаваў у «Чырвонай змене», на беларускім тэлебачанні і радыё «Свабода», арганізаваў і праводзіў першы беларускі музычны хіт-парад.

У 1985 годзе разам з Анатолем Мяльгуем стварыў першы ў Беларусі рок-клуб «Няміга». Удзельнік арганізацыі фэстаў «Тры колеры», «Басовішча». Пісаў прозу, вершы і тэксты для беларускіх і ўкраінскіх гуртоў. Аўтар музыказнаўчых кніг «Праз рок-прызму», «222 альбомы беларускага року і не толькі», «Rock on-line», а таксама шматлікіх публікацый на тэмы нацыянальнай музыкі, літаратуры, грамадска-палітычнага жыцця. Мартыненка прыдумаў азначэнне «беларускі рок». У 2016 годзе з ускладненнямі дыябету трапіў у шпіталь, памёр 17 красавіка 2016 года.

вс/аев