Беларуская Служба

Гісторык: Беларускія землі Берлін успрымаў як разменную манету на перагаворах з рускімі

23.01.2020 10:02
Гісторык Яанна Героўская-Калаўр лічыць, што немцы пахавалі ідэю другой Рэчы Паспалітай як саюза дзяржаў Усходняй Еўропы.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Яанна Героўская-Калаўр пра беларусаў, палякаў і літоўцаў у зоне Обер-Ост.
     .
Вільня на паштоўцы пачатку ХХ ст.Domena publiczna

Інстытут гісторыі Польскай акадэміі навук у 2019 годзе выдаў пад рэдакцыяй прафесара Гжэгажа Кухарчыка калектыўную манаграфію Pierwsza niemiecka okupacja. Królestwo Polskie i kresy wschodnie pod okupacją mocarstw centralnych 1914-1918” («Першая нямецкая акупацыя. Каралеўства Польскае і ўсходнія ўскраіны пад акупацыяй цэнтральных дзяржаў у 1914-1918 гг.»). На 872 старонках раскрываюцца малавядомыя старонкі як гісторыі Польшчы, так і Беларусі. Адным з аўтараў кнігі з’яўляецца вядомы польскі гісторык Яанна Героўская-Калаўр.

У кнізе „Pierwsza niemiecka okupacja. Królestwo Polskie i kresy wschodnie pod okupacją mocarstw centralnych 1914-1918” беларуска-польскай праблематыцы прысвечаны два грунтоўныя раздзелы. Адзін напісала варшаўская даследчыца Яанна Героўская-Калаўр — „Społeczeństwo polskie Ziem Północno-Wschodnich byłej Rzeczypospolitej Obojga Narodów wobec niemieckiej okupacji Ober Ost” («Адносіны польскай грамадскасці паўночна-ўсходніх тэрыторый былой Рэчы Паспалітай да нямецкай акупацыі ў зоне Обер-Ост»), аўтарам другога з’яўляецца гісторык Вольга Волкава з Беларусі. Яе артыкул называецца „Ziemie białoruskie pod niemiecką okupacją w okresie I wojny światowej” («Беларускія землі пад нямецкай акупацыяй падчас Першай сусветнай вайны»).


Яанна Героўская-Калаўр. Яанна Героўская-Калаўр.

Яанна Героўская-Калаўр: — Да ўдзелу ў праекце мяне запрасіў прафесар Гжэгаж Кухарчык. Хачу падкрэсліць, што мне вельмі спадабалася гэта прапанова.

У 1919–1920 гг. не ўзнік саюз народаў — спадкаемцаў былой Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. Саюз, які мог бы эфектыўна супрацьдзейнічаць рознага кшталту экспансіям — з Усходу ці з Захаду.

Я лічу, што правал федэратыўнай палітыкі Польшчы, прапанаванай Юзафам Пілсудскім, у значнай ступені быў звязаны ў т.л. з наступствамі нямецкай «асобай палітыкі», якая праводзілася на тэрыторыі былога ВКЛ падчас Першай сусветнай вайны.

Сам тэрмін «нямецкая асобая палітыка» шэраг польскіх гісторыкаў ахвотна замяняе тэрмінам «нацыянальная», але гэта не адно і тое ж. Нямецкія гісторыкі называюць гэту палітыку на землях Обер-Оста палітыкай «рэвалюцыянізавання». Нацыяўтваральныя працэсы на тэрыторыі былога ВКЛ альбо набіралі абароты, альбо фактычна толькі пачаліся дзякуючы гэтаму працэсу планаванага знішчэння магчымасцей адраджэння саюза Усходняй Еўропы і — на ўсходнім баку фронту — дзякуючы Лютаўскай рэвалюцыі.

Каб зразумець падзеі Першай сусветнай вайны на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў і асабліва на землях былога ВКЛ, уключаючы драматычныя ўмовы, у якіх апынуліся віленскія беларускія лідары, павінен быць зменены пункт погляду, які дамінуе ў навуковых даследаваннях і папулярных працах. Трэба на імгненне адарвацца ад беларускацэнтрычнага або літоўскацэнтрычнага аналізу працэсаў фарміравання нацыянальных дзяржаў. Гэта зрабіў прафесар Гжэгаж Кухарчык у сваім праекце.

Як выглядалі акупіраваныя Германіяй тэрыторыі Беларусі і Літвы падчас Першай сусветнай вайны?

Яанна Героўская-Калаўр: — Даваенная расійская статыстыка на землях былога ВКЛ падзяляла выбаршчыкаў (хрысціян) на палякаў — 37,5%, рускіх і праваслаўных беларусаў — 27,6%, літоўцаў (разам з іншымі) — 34,9%. У бясспрэчным цэнтры зямель былога ВКЛ — Вільні жылі ў 1916 годзе, паводле нямецкіх перапісаў: літоўцы (3676 чалавек), беларусы (2046 чалавек), палякі (68 687 чалавек), яўрэі (59121 чалавек).

Які мэты ставіла Германія на гэтай тэрыторыі падчас Першай сусветнай вайны?

Яанна Героўская-Калаўр: — Асноўнай умовай паспяховасці нямецкай палітыкі на ўсходзе Еўропы стала ліквідацыя найбольш небяспечнага элемента, які перашкаджаў у рэалізацыі гэтай палітыкі. Гэтым элементам былі палякі.

Немцы абыходзіліся з палякамі па-рознаму ў залежнасці ад таго, у якой частцы былой Рэчы Паспалітай яны жылі.

Задоўга да пачатку Першай сусветнай вайны найбольшую праблему для немцаў ва ўсходняй частцы іх дзяржавы складалі палякі з тэрыторый, якія адышлі да Прусіі падчас падзелу Рэчы Паспалітай.

Палякі з раёнаў, заваяваных Германіяй у 1915 годзе, былі падзелены на дзве строга ізаляваныя групы, да якіх акупанты адносіліся па-рознаму. Першая група — гэта палякі ў Каралеўстве Польскім. Другая — літоўскія палякі, якія засталіся на тэрыторыі Обер-Оста, які ахопліваў, як вядома, толькі ўскраек усходніх зямель былой Рэчы Паспалітай (разам з Вільняй і Гроднам).

У лютым 1918 г., падчас перапынку ў Брэсцкіх перагаворах, Германія перамясціла мяжу нямецка-савецкага фронту, а жыхары зямель, якія заставаліся да гэтага часу па-за межамі ўплыву нямецкай палітыкі, патрапілі пад яе непасрэдны ўплыў.

У чым была сутнасць «нямецкай асобай палітыкі»?

Яанна Героўская-Калаўр: — План «нямецкай асобай палітыкі», якую ажыццяўляў шэф нямецкага Генеральнага штаба Эрых Людэндорф і галоўнакамандуючы на Усходзе фельдмаршал Паўль фон Гіндэнбург, быў накіраваны на: максімальнае абмежаванне на акупіраванай тэрыторыі былога ВКЛ зносін унутры эканамічна і культурна пануючай польскай групы; стварэнне ўмоў для ўзнікнення надзвычайнага эканамічнага крызісу ў жыхароў Вільні (у асноўным палякаў і яўрэяў), што прымушала іх змагацца толькі за выжыванне; стварэнне або раздзіманне гарачых кропак у Вільні — распальванне варажнечы паміж палякамі і невялікімі групамі жыхароў, гэта значыць літоўцамі і беларусамі.

У выніку была замацавана раздробленасць літоўскіх палякаў. Быў пачаты працэс стварэння сатэлітных Германіі нацыянальных квазідзяржаў — Латвіі, Літвы, Беларусі з польскай меншасцю ў кожнай.

У выніку частка палякаў засталася за межамі лініі фронту на Усходзе; частка палякаў апынулася на тэрыторыі, абяцанай літоўцам; некаторыя палякі знаходзіліся на тэрыторыі, абяцанай беларусам; частка палякаў знаходзілася на тэрыторыі, абяцанай латышам.

Гэты падзел не азначаў, што Германія плануе стварыць незалежныя і суверэнныя Літву, Беларусь і Латвію. Што, вядома, не супярэчыць сцвярджэнню, што літоўскія і беларускія лідары кіраваліся нацыянальнымі мэтамі.

Германія дасягнула сваёй прамежкавай мэты, каб гарантаваць поспех на Усходзе — палякі з зямель былога ВКЛ былі расцярушаны не толькі фронтам, але і прадуманымі нямецкімі крокамі.

Сітуацыя спрыяла літоўскім і беларускім палітыкам у Вільні. Літоўцы, праследуючы нацыянальныя мэты, у пэўным сэнсе ажыццяўлялі мэты нямецкай палітыкі. Толькі абвяшчэнне другой незалежнасці Літвы (16 лютага 1918 г.) стала крокам да дасягнення выключна нацыянальных мэт Літвы.

Кніга „Pierwsza niemiecka okupacja. Królestwo Polskie i kresy wschodnie pod okupacją mocarstw centralnych 1914-1918”. Кніга „Pierwsza niemiecka okupacja. Królestwo Polskie i kresy wschodnie pod okupacją mocarstw centralnych 1914-1918”.

Якая сітуацыя складвалася ў беларускім нацыянальным асяроддзі?

Яанна Героўская-Калаўр: — Дзеянні невялікай групы выдатных беларускіх лідараў, якія знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй, у асноўным трапляла ў вакуум. Толькі невялікая частка «васьмімільённага беларускага электарату» апынулася на акупіраванай Германіяй тэрыторыі Віленскай і Гродзенскай губерань. Яго пераважная большасць была на другім баку фронту і заставалася пад уплывам Расіі, па чарзе — царскай і, нарэшце, дэмакратычнай, а затым бальшавіцкай. Акрамя таго, беларускія сяляне з Обер-Оста на працягу ўсёй акупацыі, безумоўна, былі больш адчувальныя да імпульсаў, якія паступалі з Петраграда, Масквы і Мінска, чым да тых, што ішлі ад групкі віленскіх беларускіх дзеячаў.

У Вільні было шмат жыхароў беларускіх зямель, якія зусім не адчувалі сябе прадстаўнікамі беларускай нацыі, гэткімі кланіраванымі луцкевічамі (алюзія да Івана і Антона Луцкевічаў, лідараў беларускага нацыянальнага руху таго часу. Рэд.). На жаль...

На працягу ўсяго перыяду 1915-1918 гадоў віленскія беларускія дзеячы выконвалі карысную для немцаў работу, нязменна адмаўляючы палякам у сумленнасці іх намераў. Дзеянне выклікае рэакцыю. Пастаянная падтрымка акупацыйнымі ўладамі падчас Брэсцкіх перагавораў «беларускіх канферэнцый» (іх было не менш за восем) прынесла Германіі чаканы вынік. Беларусы накіравалі «па заказе» зварот да ўлад у Берліне з патрабаваннем раззбраення польскага корпуса Доўбар-Мусніцкага, размешчанага на тэрыторыі «Беларусі».

Нягледзячы на ​​значны ўклад беларускіх лідараў у рэалізацыю мэт нямецкай палітыкі, мемарандум урада БНР ад 5 красавіка 1918 г. канцлеру Германіі з просьбай аб прызнанні незалежнасці быў адхілены. Устаўная грамата аб незалежнасці БНР ад 25 сакавіка 1918 г. проста спазнілася. Германія не магла парушыць умовы дагавора з рускімі, падпісанага ў сакавіку ў Брэсце.

Прыярытэтам нямецкага ваеннага камандавання на Усходзе было не столькі «вызваленне мясцовага насельніцтва ад прыгнёту Расійскай імперыі», як гэта шырока прапагандуюць нямецкія, літоўскія і беларускія гісторыкі, але ліквідацыя ў зародку ўсякіх шансаў на аднаўленне Рэчы Паспалітай. А беларускія землі — пасля фіяска абвяшчэння беларускай квазідзяржавы — Берлін успрымаў толькі як разменную карту на перагаворах з бальшавікамі.

Канфлікты інтарэсаў нашчадкаў былога Вялікага Княства Літоўскага ўзмацняліся.

У выніку Германіі ўдалося дасягнуць сваёй прамежкавай палітычнай мэты. Палякі былі выключаны з барацьбы за мадэрацыю любога цэнтральна-еўрапейскага саюза.

Пасля падпісання Рыжскага дагавора, у выніку палітычнага паражэння федэратыўнай палітыкі Польшчы, на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай ужо не было моцнага саюза нацый, здольных эфектыўна супрацьдзейнічаць розным тыпам экспансіі — ці з Усходу ці з Захаду.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост