Беларуская Служба

Зімовая песня гучыць у перадсвяточны час у «Музычным уроку польскай мовы»

16.12.2021 18:20
Яна так і называецца – «Зімовая».
Аўдыё
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/Helena Zezulkova

Сёння я прадстаўлю вашай увазе кампазіцыю гурту, назоў якога атаясамліваецца з арміяй, што доўгія гады ў мінулым стагоддзі змагалася за незалежнасць Ірландыі, не цураючыся тэрарызму. Але на самой справе карані назвы гурту выводзяцца з іншага. Як вы ўжо здагадаліся, называецца група IRA. Так звалі таксама Ірландскую рэспубліканскую армію, але стваральнікі музычнага калектыву мелі на ўвазе лацінскае слова ira, што азначае «гнеў». Музыканты не раз адзначалі, што для іх менавіта гнеў з’яўляецца энергіяй, якая патрэбная, каб граць рок-музыку, а з Ірландскай рэспубліканскай арміяй у іх няма нічога супольнага. Тым не менш, былі непаразуменні, звязаныя з назваю. Па гэтай прычыне адмянілі канцэрт гурту ў 2006 годзе ў Лондане, паколькі арганізатары апасаліся, што выступ польскай групы з такім назовам можа выклікаць занепакаенне.

Рок-гурт быў заснаваны напрыканцы 80-ых гадоў, ён запісвае песні і выступае на сцэне да нашых часоў. Праўда, быў перыяд у дзейнасці групы, калі яна практычна распалася, паколькі ў 90-ыя гады з яе сышоў вакаліст і заснавальнік Куба Плуціш. Тады музыкі на нейкі час спынілі працу, і толькі ў 2001 гурт вярнуўся на сцэну. З таго часу ён запісаў чатыры кампакт-дыскі ў студыі і адзін альбом з канцэрту. У 2002 годзе калектыў атрымаў намінацыю да прэстыжнай узнагароды Фрыдэрык. Дарэчы, гэта не адзіная прыкмета высокай адзнакі, выстаўленай музыкантам слухачамі ды крытыкамі. Гурт атрымаў таксама шмат іншых узнагародаў і намінацый. Іх больш за 20, я не буду ўсе называць, але згадаю хаця б дзве апошнія – гэта перамога ў 2010 годзе на Фестывалі польскай песні ў Аполі ў катэгорыі «Рок-гурт і кампакт-дыск рок-музыкі» ды перамога таксама ў Аполі ў конкурсе «Суперпрэм’ера».

А я прапаную вашай увазе кампазіцыю групы, якая падыходзіць на гэты зімовы час. Яна так і называецца «Zimowa».

Dziś miedzy nami północny wiatr, pod powiekami szron i dłonie chłodne masz. Spóźnionych wyznań szary klucz odleciał w ciemność, ktoś zdmuchnął ogień z wszystkich drzew, zachmurzył niebo. Miedzy nami pada śnieg, zima przyszła niespodzianie, znika most na drugi brzeg, nie umiem cię już na pamięć.

Miedzy nami pada śnieg, coraz ciszej dookoła, zatrzymany rzeki bieg, nie słyszysz, kiedy cię wołam. Niedokończony biały wiersz zamiast dobranoc, bosa na palcach mijasz mnie, ubrana w zamieć.

Miedzy nami pada śnieg, zima przyszła niespodzianie, znika most na drugi brzeg, nie umiem cię już na pamięć.

Z kawałków szkła układam nas na pustym białym tle, na białym tle, już nie ma mnie, miedzy nami pada śnieg...

 

Сёння паміж намі – паўночны вецер, пад павекамі шэрань, у цябе халодныя рукі. Наша шэрая зграя спозненых прызнанняў паляцела ў цемру.

Нехта задзьмуў агонь з усіх дрэў, хмарамі пакрыў неба, паміж намі ідзе снег, зіма прыйшла нечакана, знікае мост на другі бераг. Я не ўмею цябе ўявіць у памяці, паміж намі ідзе снег, усё цішэй і цішэй, навакол затрыманая плынь ракі, ты не чуеш, калі я клічу цябе. Незакончаны белы верш замест «Дабранач», басанож на пальчыках ты праходзіш міма мяне, апранутая ў завею.

Я з кавалкаў шкла складваю нас на пустым белым фоне, ужо няма мяне. Паміж намі ідзе снег...

 

Гэтая песня мілагучна гучыць, прыемна яе слухаць, хоць яна і сумная, але не шмат у ёй такіх словаў, якія выклікаюць цяжкасці ў тых, хто вывучае польскую мову, паколькі выразы даволі простыя, і сказы таксама нескладаныя. А на якія моманты можам звярнуць увагу.

Szron – гэта слова, якое па гучанні моцна адрозніваецца ад беларускага або расійскага іней. Таксама па-беларуску кажуць «шэрань», і гэтым словам я скарыстала падчас перакладу.

Spóźnionych wyznań szary klucz – спозненых прызнанняў шэрая зграя. Цікавая метафара – прызнанні як птушкі, якая адляцелі ў вырай. У Польшчы кажуць, што птушкі ляцяць ключом – ptaki lecą w kluczu, гэта значыць, арганізаванай зграяй у форме лацінскай літары v. А вось слова zgraja па-польску мае негатыўную канатацыю. Гэта група людзей, якія паводзяць сябе агрэсіўна або група звяроў, ад якіх нельга чакаць нічога добрага.

Pada śnieg – снег у Польшчы падае, а не ідзе, таксама, як дождж, а вось zima przyszła – зіма прыйшла, хаця часам больш правільна было б сказаць, што зіма ўпала на камунальныя службы, як гром з яснага неба.

Umieć na pamięć – умець гаварыць па памяці. Часта вучням у школе задаюць такое дамашняе заданне – nauczyć się na pamięć wierszyka – вывучыць верш на памяць.

Zatrzymany rzeki bieg – затрыманая плынь ракі. Rzeki bieg, rzeka biegnie – ракі плынь, рака цячэ.

 

нг

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы