Беларуская Служба

«Носьбітам каштоўнасцяў свабоды з’яўляецца нацыянальная самасвядомасць і гэта бачна ва Украіне і Беларусі»

23.05.2022 14:42
Кіраўнічка Інстытута Пілецкага ў Берліне Ганна Радзеёўская казала пра моцнае прагненне беларусаў і ўкраінцаў да свабоды, якое не можа быць незаўважана іншымі народамі Еўропы
Аўдыё
  • Ганна Радзеёўская казала пра моцнае прагненне беларусаў і ўкраінцаў да свабоды, якое не можа быць незаўважана іншымі народамі Еўропы
Ганна РадзеёўскаяКрыніца: https://www.facebook.com/pileckiinstitut

Слухайце аўдыё!

Інстытут салідарнасці і мужнасці імя Вітольда Пілецкага (Інстытут Пілецкага) – гэта польская дзяржаўная ўстанова, мэтай дзейнасці якой з'яўляецца ўвекавечанне памяці і ўшанаванне заслужаных для польскага народа людзей дзеля культывавання нацыянальнай памяці а таксама аказанне дапамогі ахвярам таталітарных рэжымаў.

У 2019 годзе ў Берлліне Інстытут Пілецкага адкрыў свой першы замежны аддзел. Менавіта Інстытут Пілецкага ў Берліне актыўна далучыўся да падтрымкі незалежных беларускіх творцаў пасля хвалі рэпрэсій, якая распачалася ў Беларусі ў жніўні 2020 года. У размове з Беларускай службай куратарка і кіраўнічка Інстытута Пілецкага ў Берліне Ганна Радзеёўская (Hanna Radziejowska) казала пра моцнае прагненне беларусаў і ўкраінцаў да свабоды, якое не можа быць незаўважана іншымі народамі Еўропы:

-Зараз адбываецца вялікае адкрыццё. Дэмакратыя, свабода, еўрапейскасць – тут, у Беларусі і ва Украіне. Яшчэ падчас масавых пратэстаў у Беларусі аказалася, што людзі могуць заплаціць вялізарную цану за сваю свабоду. Гэта немагчыма параўнаць з нечым іншым. Напрыклад, тое, як караюць беларусаў за іх пратэст супраць вайны. Зноў у Беларусі выходзілі тысячы людзей, яны рабілі гэта ў вельмі складаных умовах. У Расіі такога не было. Нягледзячы на вялікую пагрозу і небяспеку, людзі надалей былі гатовыя плаціць вялікую цану за сваю свабоду. Нешта падобнае мы бачым ва Украіне, незвычайны народ ваюе не толькі са зброяй у руках, ваюе ва ўсім свеце, напрыклад, нясе і тлумачыць сваю культуру, сваю гісторыю. Яны паказваюць, што Беларусь, Украіна, наш рэгіён – гэта не Расія. Гэта тычыцца не толькі Украіны і Беларусі, гэта тычыцца ўсіх нас – еўрапейцаў.

Ганна Радзеёўская падкрэсліла пераасэнсаванне культураў краінаў Усходняй Еўропы, якое зараз назіраецца на захадзе кантыненту, звярнуўшы ўвагу на ролю беларусаў і ўкраінцаў у гэтым працэсе:

-Зараз адказваючы на пытанне, што азначае нашае прыналежнасць да Усходняй Еўропы, становіцца зразумела – раней яно вызначалася палажэннем паміж Расіяй і заможнай і паспяховай Заходняй Еўропы. Аднак цяпер аказалася, што адвага, еўрапейскія каштоўнасці, захапленне культурай і свабодай для некаторых народаў мае самую вялікую з магчымых цэнаў. Пра гэта забываюць на Захадзе Еўропы, на жаль, гэта бачна на прыкладзе дапамогі Украіне.

Зараз пачынаецца захапленне, адкрыццё Усходняй Еўропы, кажу вам пра гэта з перспектывы Берліна. Раптам там разумеюць: «Беларусь – гэта не Расія, Украіны – гэта не Расія». Там пачынаюць разумець, іх культура багатая, тут шмат цікавых і сучасных мастакоў. Важная рэч – носьбітам каштоўнасцяў свабоды з’яўляецца нацыянальная самасвядомасць, яна выконвае вельмі важную функцыю і гэта бачна ва Украіне і Беларусі.

Кіраўнічка Інстытута Пілецкага ў Берліне Ганна Радзеёўская мяркуе, што Польшча, дзякуючы сваёй блізасці да Беларусі аказалася ва ўнікальнай сітуацыі. Ганна пераканана, Польшча павінна падтрымліваць беларускіх творцаў на шляху да свабоднай Беларусі:

-Назіраецца фенаменальная сітуацыя, падчас якой тут у Варшаве, у Польшчы мы можам падтрымліваць і дапамагаць беларусам змагацца за свабоду менавіта праз падтрымку беларускай культуры і мастацтва. На жаль дзякуючы трагічным абставінам склалася такая ўнікальная сітуацыя. Зараз у Варшаве знаходзіцца шмат беларускіх мастакоў, які вымушаны былі ўцячы.

Я задумалася над такім феноменам, што культура Беларусі і адкрыццё гісторыі на самой справе стала шляхам да свабоды. І тое, што робіць Лукашэнка: змагаецца з культурай, ён усведамляе, што ваша ідэнтычнасць ёсць як бы шлях да свабоды. Мы хочам у тандэме Інстытута Пілецкага і «ІнБелКульт 2.0» стварыць цыкл сустрэч, семінараў, варштатаў аб гісторыі і культуры Беларусі. Хочам пазнаёміць з гісторыяй Беларусі за апошнія 10 год, бо інфармацыі на гэту тэму няма. Пазнаёміць з культурай і мастацтвам Беларусі за апошнія 30 год. А таксама я мару зрабіць у Варшаве Кангрэс Беларускай Культуры.

Беларускі творцы і мастакі, якія зараз перабываюць у Варшаве, у Польшчы не захацелі ісці на кампрамісы, на захацелі заключаць дамовы з сумленнем. Яны абралі іншы шлях – далей змагаюцца, ствараючы праекты, новыя праграмы, ствараючы новыя ўстановы дзеля развіцця нацыянальнай культуры, каб можна было вярнуць свабодную Беларусь.

Пра культуры ва ўмовах вайны і жорсткіх рэпрэсій з боку аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі, а таксама пра падтрымку Польшчай беларускіх незалежных творцаў мы размаўлялі з кіраўнічкай Інстытута Пілецкага ў Берліне Ганнай Радзеёўскай.

Размову запісаў Эдуард Жолуд.

У Інстытуце Пілецкага ў Берліне адкрыецца фотавыстава «Жыве Беларусь!»

23.06.2021 15:32
«Беларусы нагадваюць нам, што свабода і дэмакратыя – гэта самыя важныя каштоўнасці», – кажа кіраўнік філіяла Інстытута Пілецкага ў Берліне.

Інстытут Пілецкага ўшанаваў памяць чарговага паляка, забітага немцамі за дапамогу габрэям

25.06.2021 15:32
У рамках праекта «Пакліканы па імені» Інстытут Пілецкага ўшанаваў ужо памяць 47 палякаў, забітых немцамі за дапамогу габрэям.

Інстытут Пілецкага запрашае на гістарычную прагулку па слядах разні на Волі

04.08.2021 14:52
У першыя дні Варшаўскага паўстання на Волі адбылося злачынства генацыду.

«ІнБелКульт 2.0» – платформа паўстання і ўзаемадзеяння розных формаў праўлення і вывучэння культуры

17.05.2022 12:41
Новая пляцоўка будзе гуртаваць музычныя калектывы, ініцыятывы ў галіне тэатру, літаратуры, мастацтва, фатаграфіі ды гуманітарных навук.