Беларуская Служба

Польшча павялічвае сваю долю ў Фондзе ініцыятывы «Рэгіён трох мораў»

20.10.2020 13:03
Такім чынам агульная сума польскага фінансавага заангажавання ў фондзе складзе 750 мільёнаў еўра.
ЕўраMabelAmber/pixabay.com/CC0 Public Domain

Польшча праз банк BGK павялічвае сваю долю ў Фондзе ініцыятывы „Рэгіён трох мораў”. Старшыня фінансавай установы Бэата Дашыньска-Музычка(Beata Daszyńska-Muzyczka) паведаміла, што BGK укладзе ў фонд дадатковыя 250 мільёнаў еўра:

 - Польшча праз банк BGK павялічвае сваю долю ў Фондзе ініцыятывы „Рэгіён трох мораў”. Мы ўкладваем дадатковыя 250 мільёнаў еўра. Такім чынам агульная сума нашага фінансавага заангажавання складзе 750 мільёнаў еўра. Гэта трывалая інвестыцыйная аснова на будучыню.

Фонд ініцыятывы „Рэгіён трох мораў” будзе фінансаваць інвестыцыі ў інфраструктуру ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Ён павінен стаць міжнародным фінансавым інструментам, які дапаўняе сродкі ЕС, а таксама бюджэтныя рэсурсы краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Фонд накіраваны на будаўніцтва транспартнай, энергетычнай і лічбавай інфраструктуры.

Раней Бэата Дашыньска-Музычка заяўляла, што інвестыцыйныя патрэбы рэгіёну ацэньваюцца ў 570 млрд еўра, а сродкаў, якія Еўракамісія выдзеліць на гэтыя мэты ў будучым бюджэце, недастатковыя.

Старшыня BGK падкрэсліла, што фонд павінен быць камерцыйным прадпрыемствам, накіраваным на прыбытак акцыянераў, у тым ліку пенсійных фондаў.

Ініцыятарам і сузаснавальнікам фонду з'яўляецца банк BGK (Bank Gospodarstwa Krajowego). Акт аб яго заснаванні быў падпісаны ў канцы траўня мінулага года.

Ініцыятыва „Рэгіён трох мораў” прадугледжвае стварэнне альянсу краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы на аснове добраахвотнага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі-членамі. Краіны, якія ўдзельнічаюць у ініцыятыве, будуць сканцэнтраваны на дасягненні агульных інтарэсаў і супрацы, заснаванай на салідарнасці. Праект, па ідэі, павінен уключаць тэрыторыю паміж Адрыятычным, Балтыйскім і Чорным морамі, гэта значыць Польшчу, Літву, Латвію, Эстонію, Беларусь, Украіну, Чэхію, Славакію, Венгрыю, Румынію і краіны былой Югаславіі.

аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі