Беларуская Служба

MarsMe вырашыла перавесці сваю дзейнасць у Польшчу

24.10.2020 10:04
Кампанія MarsMe распрацавала робаты для прыбірання, медычныя робаты, для аховы бяспекі і для збору аплат.
.
.https://www.facebook.com/marsmetoday

Беларускія прадпрыемствы збягаюць ад палітычнага, эканамічнага і грамадскага крызісу ў Польшчу. Сярод іх ІТ-кампанія MarsMe. Газета "Puls Biznesu" пагутарыла з менэджэрам па пытаннях развіцця Максімам.

Чаму MarsMe вырашыла перавесці сваю дзейнасць у Польшчу?

- Мы апынуліся ў сітуацыі крызісу і нестабільнасці. У Беларусі насупраць выйшлі два пакаленні, якія па-рознаму глядзяць на жыццё і ў будучыню. 50-60-гадовыя людзі, хаця ведаюць, што яны маюць і могуць вельмі мала, то не хочуць перамен. Малодшыя, адукаваныя, якія карыстаюцца інтэрнэтам, цікавяцца сусветнай палітыкай і эканомікай, ведаюць, што Беларусь магла б быць іншай. Аднак сёння няма ўпэўненасці, што краіну можна змяніць, - кажа Максім.

А чаму вы выбралі як раз Польшчу?

- Польшча знаходзіцца ў Еўразвязе і дае выхад у Еўропу. Аднак мы вырашылі засяродзіцца на ўнутраным польскім рынку, паколькі апошнія гады краіна фіксуе вельмі хуткі тэмп эканамічнага развіцця і мы верым, што на працягу бліжэйшых гадоў Польшча стане эканамічным "драйверам" Еўропы.

Вы разглядалі выбар іншай краіны?

- Так, напрыклад Украіну, якая таксама прапануе вельмі добрыя ўмовы для ІТ-кампаній, якія распрацоўваюць штучную інтэлігенцыю. Аднак мы падалі заяўку на ўдзел у праграме Poland.Business Harbour і вельмі хутка атрымалі візу і цяпер мы пераводзім аперацыйную дзейнасць у Польшчу, - расказаў выданню "Puls Biznesu" менеджэр беларускай кампаніі MarsMe, якая працуе ў галіне аўтаматызацыі, сярод іншага распрацоўвае аўтаномныя сістэмы продажу.

Кампанія MarsMe распрацавала робаты для прыбірання, медычныя робаты, для аховы бяспекі і для збору аплат.

Poland. Business Harbour - гэта польскі дзяржаўны праект дапамогі прадпрымальнікам з Беларусі ў сітуацыі цяперашняга палітычнага крызісу.

Да гэтага часу Польскае агенцтва па інвестыцыях і гандлі, якое каардынуе праект,  атрымала прыблізна 1600 запытаў ад беларускіх прадпрымальнікаў пра магчымасць пераезду са сваім прадпрыемствам у Польшчу.

яс