Беларуская Служба

Пандэмія паказала як вялікую карысць ад інтэрнэту, так і яго цёмныя бакі

08.12.2021 14:44
У Польшчы праходзіць форум ААН, прысвечаны пытанням развіцця сусветнага сеціва.
Аўдыё
    ,
Міжнародны цэнтр кангрэсаў у Катавіцах, дзе адбываецца форум ААНфота: PAP/Łukasz Gągulski

Выпрацаванне празрыстых прынцыпаў аховы правоў чалавека ў інтэрнэце, барацьба з дэзынфармацыяй, а таксама магчымасць карыстацца сусветным сецівам для ўсіх жыхароў свету да 2030 года – гэта важнейшыя задачы, якія стаяць цяпер перад Арганізацыяй аб’яднаных нацыяў у галіне інтэрнэту. Гэтыя, а таксама іншыя пытанні абмяркоўваюцца падчас Лічбавага саміта ААН IGF 2021, які адбываецца ад панядзелку да пятніцы. На форум зарэгістраваліся тысячы ўдзельнікаў, – кажа ўпаўнаважаны польскага ўраду па арганізацыі форума Кшыштаф Шубэрт (Krzysztof Szubert) з Нацыянальнага цэнтра даследаванняў і развіцця.

- На асабісты ўдзел у форуме зарэгістравалася звыш 4,5 тыс удзельнікаў. Гэта прадстаўнікі ўсіх кантынентаў, некалькіх дзясяткаў дзяржаў свету. Яны прадстаўляюць як урадавыя адміністрацыі, так і бізнес, свет навукі, а таксама арганізацыі трэцяга сектара і тэхналагічныя ўстановы. Тэмы, якія закранаюцца падчас дыскусіяў, гэта тое, што цікавіць на дадзены момант ААН. Напрыклад, важным з’яўляецца доступ да інтэрнэту. Палова жыхароў свету не мае гэтага доступу. Мы ў Еўропе размаўляем пра зусім іншыя тэмы – пра хуткасны інтэрнэт, сеціва пятай генерацыі, тэставанне сеціва шостай генерацыі. Гэта зусім іншыя выклікі. Сёння мы на форуме, у прыватнасці, абмяркоўвалі лічбавую трансфармацыю і свет фінансаў. Акрамя таго, адбываецца вялізная колькасць білатэральных сустрэч, як афіцыйных, так і неафіцыйных.

З прамовай пры дапамозе відэасувязі да ўдзельнікаў форума звярнуўся генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрэш (Antonio Guterres). Ён адзначыў, што апошнія два гады, якія прайшлі з таго часу, калі пачалася пандэмія Covid-19, паказалі, наколькі інтэрнэт мяняе жыццё чалавека.

- Лічбавыя тэхналогіі ратавалі жыццё, дазваляючы мільёнам людзей на ўсім свеце працягваць бяспечна працаваць, вучыцца, а таксама ладзіць сяброўскія кантакты з іншымі людзьмі пры дапамозе сеціва. Аднак пандэмія павялічыла таксама прорву паміж тымі, хто мае доступ да сеціва і тымі, у каго яго няма, яна паказала цёмныя бакі тэхналогіі – маланкавы распаўсюд дэзынфармацыі, маніпуляцыю паводзінамі людзей і г.д. Мы можам змагацца з гэтымі адмоўнымі з’явамі толькі разам, дзякуючы інтэнсіўнай супрацы, праз выпрацаванне празрыстых прынцыпаў абароны правоў чалавека і асноўных свабодаў у сеціве, захоўваючы кантроль над нашымі асабістымі дадзенымі, змагаючыся з дэзынфармацыяй і мовай нянавісці, а таксама праз падключэнне ўсіх жыхароў планеты да сеціва да 2030 года.

Януш Цешыньскі (Janusz Cieszyński) адказвае ў Канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы за пераход да лічбавай эканомікі. На ягоную думку, хуткасны інтэрнэт дазволіць краінам Еўропы, у тым ліку Польшчы, паскорыць эканамічнае развіццё. Цешыньскі нагадвае, што адна з мэтаў ААН – доступ да сеціва на працягу бліжэйшых дзесяці гадоў для ўсіх жыхароў Зямлі. Гэта амбітная задача, але не немагчымая.

- Гэта, канешне, патрабуе дакладнага аналізу, паколькі інвестыцыі ў тэлекамунікацыі – гэта працяглы і складаны працэс. Тым не менш, неабходна ставіць перад сабою амбітныя задачы, памятаць, што мы хочам бесперапынку ісці наперад, вырашаць, ці мы ў стане гэтыя задачы ажыццявіць. Мэта, каб на працягу менш чым дзесяці гадоў кожнаму чалавеку прадставіць магчымасць карыстацца сецівам, гэта слушная задача.

Меркаваннем Януша Цешыньскага, пашырэнне маштабу выкарыстання сеціва карысна для эканомік краін Еўропы, паколькі гэта дазволіць спрасціць гандлёвыя кантакты, а таксама паскорыць продаж тэхналогіяў, якія ствараюць дзяржавы Еўрапейскага Саюза.

- Цяжка сабе ўявіць, каб з кожнай справай мы адпраўляліся фізічна ў нейкую далёкую кропку, якая знаходзіцца шмат кіламетраў ад нас. Так што інтэрнэт скарачае дыстанцыю, сеціва дае новыя магчымасці, яно паніжае кошты вядзення бізнесу. У Еўропе, у тым ліку ў Польшчы, ёсць магчымасці развіваць вельмі высокатэхналагічныя, сучасныя прадукты і прадаваць іх туды, дзе толькі паяўляюцца іх патэнцыйныя карыстальнікі.

Вядучы лозунг лічбавага саміта ААН, які адбываецца ў польскім горадзе Катавіцэ на бягучым тыдні, гэта фраза «Інтэрнэт яднае». Падчас форума абмяркоўваюцца не толькі доступ да сеціва і кібербяспека, але таксама перспектывы развіцця лічбавай эканомікі ў эпоху пандэміі. У планах арганізатараў – звыш 300 панэльных дыскусіяў, семінараў і дэбатаў.

IAR PR/нг