Беларуская Служба

Журналіст Bellingcat: Мы даказалі існаванне структуры па палітычных забойствах у Расіі

22.01.2021 15:30
«Мы выходзім за межы канкрэтнай справы. Гаворка ідзе пра злачынны рэжым і патрабуем, каб усе пра гэта даведаліся», - сказаў Хрысто Грозеў.
Маскваjackmac34/pixabay.com/CC0

„Нашае  журналісцкае расследаванне паказала, што спроба атруціць Аляксея Навальнага - гэта не адзінкавы напад на лідара апазіцыі ў Расіі. Існуе цэлая структура, накіраваная на забойства апанентаў рэжыму”, - заявіў Хрысто Грозеў у інтэр’ю балгарскаму грамадскаму радыё, а ягоныя словы цытуе старонка forsal.pl.

Хрысто Грозеў - журналіст брытанскага следчага парталу Bellingcat, які расследаваў леташнюю спробу атруціць Аляксея Навальнага. Следства выявіла існаванне групы, створанай расійскімі спецслужбамі, адказнай за тры забойствы і, па меншай меры, шэсць спроб забойства, у тым ліку спробу атруціць Навальнага.

 «Мы выходзім за межы канкрэтнай справы. Гаворка ідзе пра злачынны рэжым і патрабуем, каб усе пра гэта даведаліся», - сказаў журналіст. Паводле яго, вяртанне Навальнага ў Расію даказала, што апазіцыянер не з’яўляецца „выпадковым чалавекам, на якога Пуцін не звяртае ўвагі”. Паводле яго, жыццю Навальнага, які знаходзіцца ў турме, пагражае вялікая небяспека.  

„У Пуціна не было выбару. Ён не мог не прыняць Навальнага назад. У сваю чаргу  санкцыі, якія пагражаюць Расіі пасля арышту апазіцыянера, могуць аказацца вельмі небяспечнымі для Пуціна, і ён іх сапраўды баіцца”, - лічыць Грозеў.

Паводле журналіста, фільм Навальнага пра палац Пуціна – самае лепшае расследаванне карупцыі.  Гаворка ідзе не пра прэтэнзіі самога Навальнага, а пра расследаванні некалькіх СМІ, якія паказваюць, што можа зрабіць рэжым, якога ніхто не кантралюе.

Грозеў з'яўляецца аўтарам расследавання, якое Bellingcat правёў у 2015 годзе па спробе атруціць балгарскага бізнесмена Емельяна Гебрева. Падчас расследавання журналіст раскрыў імёны групы супрацоўнікаў расійскай ваеннай разведкі, якія падчас спробы атруціць прадпрымальніка знаходзіліся ў Балгарыі на падставе фальсіфікаваных дакументаў, паведамляе forsal.pl

аз