Беларуская Служба

Яшчэ восем удзельнікаў акцый, якія прайшлі ў перыяд выбараў, аштрафаваныя

05.12.2019 16:29
Гаворка ідзе пра дзве акцыі, якія прайшлі ў беларускай сталіцы. 
Ілюстрацыйны здымакsucco/pixabay.com/CC0

Яшчэ восем удзельнікаў акцый, якія прайшлі ў перыяд выбараў, аштрафаваныя. Як паведамляе партал naviny.by са спасылкай на праваабарончы сайт spring96.org, гаворка ідзе пра ініцыяваную блогерам Nexta (Сцяпан Пуціла), які жыве ў Польшчы, акцыю 8 лістапада. Яна прайшла ў час калектыўных пікетаў апазіцыйных кандыдатаў каля сталічнай ратушы. Акрамя таго, аштрафаваныя ўдзельнікі арганізаванай 16 лістапада грамадзянскай кампаніяй «Еўрапейская Беларусь» акцыі «Сустрэча свабодных людзей» у рамках пікету Алены Талстой на плошчы Свабоды і плошчы Незалежнасці.

Актывіст Андрэй Кудзік за ўдзел у «Сустрэчы свабодных людзей» аштрафаваны на 30 базавых велічыняў (765 рублёў) на падставе часткі 1 артыкула 23.34 КаАП. Рашэнне вынес суддзя Іван Касцян. Ён жа аштрафаваў на 50 базавых велічынь (1.275 рублёў) Арцёма Чарняка за ўдзел у гэтай жа акцыі на падставе часткі 3 артыкула 23.34 КаАП.

Акрамя таго, за ўдзел у мітынгу 8 лістапада на 30 базавых велічыняў (765 рублёў) аштрафаваны блогер Уладзімір Цыгановіч (ч. 1 арт. 23.34 КаАП). Рашэнне вынесла суддзя Юлія Густыр.

Аштрафаваная таксама пазбаўленая рэгістрацыі кандыдат у дэпутаты Вольга Мікалайчык за тое, што 13 лістапада раздавала ўлёткі з заклікам прыйсці на «Сустрэчу свабодных людзей« 15 лістапада (50 базавых велічынь, суддзя Вікторыя Шабуня).

Па 30 базавых велічынь штрафу атрымалі актывісты незарэгістраванага «Маладога фронту» Максім і Дзяніс Урбановічы. Іх прызналі вінаватымі ў дробным хуліганстве на акцыі 8 лістапада.

Актывістку Насту Гусеву аштрафавалі на 30 базавых велічынь, апазіцыйнага палітыка Паўла Севярынца – на 50.

вс