Беларуская Служба

Група еўрадэпутатаў наведае Беларусь

17.01.2020 14:31
У Беларусь прыедуць кіраўнік дэлегацыі Роберт Бедрань (Польшча) і яго намеснікі Вальдэмар Тамашэўскі (Літва) і Карын Карлсбро (Швецыя), а таксама пастаянны дакладчык ЕП па Беларусі Пятрас Аўштравічус (Літва).
Robert Biedroń
Robert BiedrońWojciech Kusiński/Polskie Radio

Дэлегацыя Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю 24 лютага наведае Мінск і Гродна.

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Еўрапарламента, у Беларусь прыедуць кіраўнік дэлегацыі ЕП па сувязях з Беларуссю Роберт Бедрань (Польшча) і яго намеснікі Вальдэмар Тамашэўскі (Літва) і Карын Карлсбро (Швецыя), а таксама пастаянны дакладчык Еўрапарламента па Беларусі Пятрас Аўштравічус (Літва).

Дэталёвая праграма візіту і графік сустрэч цяпер прапрацоўваюцца.

Роберт Бедрань узначаліў дэлегацыю Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю ў верасні 2019 года.

Пасля свайго прызначэння Бедрань напісаў у «Фэйсбуку»: «У цяперашні час Еўрапарламент не падтрымлівае двухбаковага парламенцкага супрацоўніцтва з Беларуссю. Аднак у лістападзе пройдуць парламенцкія выбары, а ў наступным годзе – прэзідэнцкія. Я спадзяюся, што гэта створыць новыя магчымасці для паляпшэння адносін, хоць, вядома, выкананне правоў чалавека ў Беларусі застаецца для нас ключавым пытаннем».

Па выніках правядзення ў Беларусі парламенцкіх выбараў Бедрань зрабіў заяву, у якой адзначыў, што яны «ізноў былі азмрочаныя шэрагам злоўжыванняў і недахопаў».

У папярэднім складзе Еўрапарламента дэлегацыю па сувязях з Беларуссю узначальваў польскі дэпутат Богдан Здраеўскі. Ён некалькі разоў наведваў Беларусь, у тым ліку ў ходзе афіцыйнага візіту дэлегацыі ў Мінск восенню мінулага года.

вс

на фота: Роберт Бедрань у студыі Польскага радыё