Беларуская Служба

У Беларусі паболела палітычных вязняў

29.09.2020 15:34
Праваабаронцы прызналі вязнямі сумлення двух маладзечанцаў, якіх пазбавілі волі на тры гады за патасоўку, падчас якой амапавец дастаў пісталет.
Здымак мае ілюстрацыйны характарEPA/STR Dostawca: PAP/EPA

Двух маладзечанцаў судзілі за інцыдэнт, які здарыўся падчас ланцуга салідарнасці ў Маладзечне яшчэ 19 чэрвеня.

Тады амапаўцы раптоўна і без папярэджання затрымалі Мікалая Алейніка. Маладзечанцы паспрабавалі адцягнуць хлопца, і гэта перарасло ў сутычку з АМАПам. У той жа сутычцы адзін з амапаўцаў дастаў табельны пісталет і хутка вярнуў у кабуру. Праўда, пасля прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў каментавалі, што амапавец проста папраўляў зброю.

Пацярпелымі па справе зʼяўляюцца супрацоўнікі АМАП Яўген Баранаў і Вячаслаў Якавенка. Паводле экспертызы, пасля сутычкі ў Якавенкі засталася драпіна на калене ў два сантыметры. У Баранава – дзве драпіны на локцю і назе, а таксама крыху парвалася калашына штаноў.

Сёння суддзя Вікторыя Паляшук агучыла прыгавор. Суд прызнаў Пяскова і Есцягнеева ў парушэнні артыкула 363 Крымінальнага кодэкса – «Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў». Пяскова прысудзілі да трох год і трох месяцаў пазбаўлення свабоды, Еўсцягнеева – да трох год. Дакладна такія тэрміны запытваў дзяржаўны абвінаваўца па справе Сяргей Габруковіч.

На агучванне прысуду падтрымаць маладзечанцаў прыйшло ўдвая больш людзей, чым была разлічаная судовая зала. Пасля агалошвання Пяскоў сказаў прысутным:

– Давайце, ціснем далей. Жыве Беларусь!

Для Беларускай Службы Польскага радыё для замежжа Ягор Крумкач, Маладзечна