Беларуская Служба

Асудзілі дырэктара завода, які адмовіўся збіраць подпісы за Лукашэнку

26.01.2021 17:32
Ні жонка, Мая Дзядзюшка, ні работнікі камбікормавага заводу, якія ведалі Георгія Дзядзюшку, не вераць у тое, што ён мог узяць хабар.
Ілюстрацыйны здымакsucco/pixabay.com/CC0

Ваўкавыскі раённы суд асудзіў дырэктара камбікормавага завода ў гарадскім пасёлку Рось, што побач з Ваўкавыскам, на 4.5 гады пазбаўлення волі.

Паводле матэрыялаў справы, Георгій Дзядзюшка нібыта з сакавіка па верасень мінулага году атрымаў больш 20 тысяч рублёў хабару.

Аб гэтым у судзе сведчыў Арцём Елізаранка, кіраўнік прадпрыемства «Збожжавыя традыцыі» з Асіповічаў.

Нібыта ён штомесяц прыязджаў і пакідаў дырэктару камбікормавага заводу ў файле паміж паперамі грошы.

Ні жонка, Мая Дзядзюшка, ні работнікі камбікормавага заводу, якія ведалі Георгія Дзядзюшку, не вераць у тое, што ён мог узяць хабар.

Наадварот людзі лічаць, што ён пацярпеў за сваю грамадзянскую пазіцыю.

Спадарыня Мая кажа, што падчас выбарчай кампаніі яе муж адмовіўся прымушаць работнікаў падпісвацца за кандыдата Лукашэнку і сам не паставіў свой подпіс хоць і быў дэпутатам раённага Савета.

Яна папросту ў роспачы і не ўяўляе, як жыць – у яе шасцёра дзяцей.

«У мяне дзеці чакаюць тату кожны дзень. Я ведаю, што мой муж не вінаваты, што ён ніякіх грошай не браў. І ўсе гэта ведаюць, усе...».

Георгій Дзядзюшка вінаватым сябе не прызнаў.

Алесь Завіноўскі, Гродна