Беларуская Служба

Ад абароны Сяргея Ціханоўскага адхіляюць адвакатку Наталлю Мацкевіч

13.10.2021 11:21
Зараз яе кліенты не змогуць разлічваць на прафесійную абарону аднаго з самых аўтарытэтных абаронцаў.
Наталля МацкевічФота: humanrightshouse.org

Старшыня БХК Алег Гулак і старшыня БАЖ Андрэй Бастунец паведамілі праваабаронцам «Вясны», што яны атрымалі паведамленні ад адвакаткі Наталлі Мацкевіч пра тое, што загадам Міністэрства юстыцыі ад 12 кастрычніка 2021 яна адхіленая ад выканання прафесійных абавязкаў з 13 кастрычніка, у сувязі з распачатай у дачыненні да яе дысцыплінарнай справы, таму ў дадзены момант не можа аказваць ім юрыдычную дапамогу па заключаных дамовах.

Зараз яе кліенты не змогуць разлічваць на прафесійную абарону аднаго з самых аўтарытэтных абаронцаў у сувязі з рашэннем Мінюста да таго моманту, пакуль дысцыплінарная справа не будзе разгледжана МГКА.

Наталля Мацкевіч лічыцца адной з самых прызнаных і паспяховых беларускіх праваабарончых адвакатак. Нагадаем, што ў дадзены момант Наталля Мацкевіч абараняе палітвязня Сяргея Ціханоўскага, суд над якім ідзе ў закрытым рэжыме з 24 чэрвеня ў Гомелі. Такім чынам, улады дэманстратыўна парушаюць права на абарону Сяргея Ціханоўскага.

Наталля Мацкевіч на працягу доўгага часу ажыццяўляла абарону грамадскіх дзеячаў у рэзанансных палітычна матываваных справах. З моманту пачатку вострага палітычнага крызісу ў Беларусі Наталля Мацкевіч абараняе экс-кіраўніка «Белгазпрамбанка» Віктара Бабарыку. Яна таксама абараняла кіраўніка Незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча, фігурантаў справы «Белага легіёну».

Яна з'яўляецца адвакатам лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч па «справе Каардынацыйнай Рады», старшыні Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алега Гулака, старшыні Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Андрэя Бастунца, абараняе анархіста Мікалая Дзядка.

Адвакатка прадстаўляла інтарэсы маці зніклага палітыка Юрыя Захаранкі Ульяны Захаранкі.

ПЦ Вясна/нг