Беларуская Служба

Журналіст Севярын Квяткоўскі выйшаў на свабоду

22.01.2022 16:37
«Гэта было кіно, цырк, і армейскі анекдот. Зрэшты, смешна да пэўнай мяжы, бо я займеў на сабе крымінальную справу».
Севярын Квяткоўскі пасля выхаду на свабодуфота: Facebook

Журналіст Севярын Квяткоўскі выйшаў на свабоду. Ён знаходзіцца пад крымінальнай справай. Пра гэта ён паведаміў у сябе ў фэйсбуку.

«Сябры, я ў цэнтры Пінску п'ю каву )

Гэта было кіно, цырк, і армейскі анекдот. Зрэшты, смешна да пэўнай мяжы, бо я займеў на сабе крымінальную справу. Аддыхаюся, і пачну распавядаць», – напісаў Севярын.

Удзень 19 студзеня Квяткоўскага затрымалі каля дома пасля таго, як ён вярнуўся ў Беларусь з-за мяжы. Ён паўгода не быў у Беларусі і вось вярнуўся. Пасля зʼявілася інфармацыя, што Севярына павезлі ў Пінск. Лукашэнкаўскі тэлеграм-канал апублікаваў кароткае відэа з ім у зняволенні.

Севярын Квяткоўскі – вядомая асоба ў беларускай журналістыцы, інтэлектуалістыцы і прыгожым пісьменстве.

Ён працаваў журналістам на «Радыё 101,2» (1995–1996), у газетах «Имя» (1995–1996) і Наша Ніва (1996–1999), у беларускай рэдакцыі «Польскага радыё» (1997–1998), на «Радыё Рацыя» (1999–2002) і Радыё «Свабода» (2002–2008). Быў рэдактарам грамадскага блога «Будзьма беларусамі!» (2008–2012). З 2012-га быў публіцыстам Радыё «Свабода».
Як пісьменнік Квяткоўскі дэбютаваў у 1993 годзе ў «Нашай Ніве» імпрэсіямі «На гэтай паперы…», «Момант Мяне», «Парагвай».

Наша Ніва/нг