Беларуская Служба

Пасля доўга перапынку прыйшлі лісты ад Аляксандра Фядуты

17.05.2022 17:09
Тон лістоў вельмі бадзёры. Фірмовае пачуццё гумару не здраджвае Аляксандру Іосіфавічу. 
Затрыманне Аляксандра ФядутуКадр з фільму на АНТ

Пасля вельмі доўгага перапынку ў перапісцы адразу некалькі адрасатаў, у тым ліку і рэдакцыя «Народнай Волі», атрымалі лісты ад журналіста, пісьменніка, літаратуразнаўцы і палітолага Аляксандра Фядуты.

Тон лістоў вельмі бадзёры. Фірмовае пачуццё гумару не здраджвае Аляксандру Іосіфавічу. «У мяне са здароўем лепш, чым было на Валадарцы. Паступова павялічваю фізічную нагрузку, займаючыся зарадкай. Пачаў знаходзіць у сябе на руках нейкія трыцэпсы – гэта сукамернік кажа, які разбіраецца ў анатамічных падрабязнасцях значна лепей, чым я. Таблеткі прымаю. Застаецца пажаданай сустрэча са стаматолагам…»

Адгукнуўся Фядута на сыход з жыцця першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча: «Вельмі шкада Шушкевіча. Вельмі. У нас з ім за трыццаць гадоў знаёмства адносіны складваліся па-рознаму, але, нягледзячы на рознагалоссі, зносіліся мы цёпла і з усмешкамі. Светлая яму памяць! А пра гістарычную яго ролю няхай гісторыкі праз нейкі час і скажуць».
Фядута паведамляе, што ягоныя рукапісныя каментары да рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» яму вярнулі ў поўным аб’ёме. Аднак жонка палітвязня Марына Шыбко хвалюецца, што ёй рукапісы мужа не перадаюць.

Аляксандр Фядута чакае вяртання ў рэдакцыю «Народнай волі»: «Як там справы ў роднай рэдакцыі? Я ўжо звольнены, ці Іосіф Паўлавіч (Сярэдзіч – галоўны рэдактар «Народнай волі»- рэд. ) дазволіць мне на судзе пазбегнуць статусу «часова непрацуючага»?»
«Газета ж дачакаецца мяне, праўда?» – піша Аляксандр Фядута з СІЗА КДБ.

яс