Заява праваабаронцаў аб прызнанні чатырох палітычных зняволеных.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розныя пратэсныя дзеянні выкарыстоўваецца ўладамі для падаўлення грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў.
Крымінальнае заканадаўства стала больш жорсткім і дапоўненым новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
У пазасудовым парадку МУС і КДБ адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб'яднаных грамадскімі ці палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкавалі дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і яе палітыцы. Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага прыцягненню да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў. Так:
- Павел Піскун асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па арт. 361-4 КК за перадачу звестак і відэа аб перамяшчэнні расійскай ваеннай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі ў тэлеграм-канал;
- Дзяніс Сасункевіч асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па арт. 361-4 КК;
- Антон Малюга асуджаны ў закрытым пасяджэнні да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі паводле абвінавачвання ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці паводле ч. 1 арт. 361-4, ч. 1 арт. 375-1 за перадачу звестак аб размяшчэнні вайсковых частак на тэрыторыі Беларусі ва Украіну і высланыя тэксты ў тэлеграм-канал;
Ацэньваючы гэтую інфармацыю ў кантэксце грамадска-палітычных падзей пасля 24 лютага 2022 г., асноўнай падзеяй якіх стала ваеннае ўварванне Расійскай Федэрацыі ў Украіну і акты антываеннага пратэсту і салідарнасці з народам Украіны, мы прыходзім да высновы аб тым, што ў дадзеных выпадках грамадзяне пераследуюцца з-за іх палітычных перакананняў, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў, распаўсюджвання інфармацыі і асацыяцыі. Таксама ў гэтым кантэксце змянілася ацэнка грамадскай небяспекі ўдзелу грамадзян Беларусі ў ваенных дзеяннях на тэрыторыі Украіны ў складзе воінскіх фармаванняў, створаных украінскай дзяржавай.
- Андрэй Маслаў асуджаны за падрыхтоўку да ўдзелу ў ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы – ажыццяўленне намеру далучыцца да абаронцаў суверэннай Украіны па ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 КК да 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Мы прызнаем названых людзей палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны зняволены», і патрабуем ад уладаў Беларусі: неадкладна вызваліць палітвязняў Паўла Піскуна, Дзяніса Сасункевіча, Антона Малюгу, Андрэя Маслава; неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.
Праваабарончы цэнтр «Вясна»;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі ПЭН;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Human Constanta.
нг