Беларуская Служба

МВФ павышае прагноз росту ВУП для Польшчы

16.10.2019 15:11
Прагноз росту ВУП для Польшчы быў павышаны да 4%.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain


Міжнародны валютны фонд знізіў прагноз росту сусветнай эканомікі да самага нізкага ўзроўню з часоў сусветнага фінансавага крызісу 10 гадоў таму. Па дадзеных фонду, сёлета рост сусветнай эканомікі складзе ўсяго 3%. У сваю чаргу прагноз росту ВУП для Польшчы быў павышаны да 4%.

Паводле Міжнароднага валютнага фонду, адной з асноўных прычын сусветнага эканамічнага запаволення з'яўляецца гандлёвая вайна паміж ЗША і Кітаем. Яна выклікала застой у міжнародным абмене таварамі і паслугамі і зніжэнне ўзроўню інвестыцый.

Фонд прагназуе, што цягам наступных пяці гадоў эканамічны рост у Кітаі будзе паніжацца і ў 2024 годзе складзе 5,5 %. У сваю чаргу ў будучым годзе амерыканская эканоміка запаволіцца да 2,1%. Сёлета эканамічны рост у Еўропе складзе 1,2, а ў будучым - 1,4%.

На фоне Еўропы і свету польская эканоміка выпадае вельмі добра. Міжнародны валютны фонд падняў прагноз росту ВУП у краіне з 3,8% да 4%. Гэта адзін з лепшых вынікаў па ўсёй Еўропе.

У наступным годзе рост ВУП будзе ніжэйшы і складзе 3,1%. Чакаецца, што беспрацоўе ў гэтым і наступным годзе застанецца на ўзроўні 3,8%. Аднак МВФ прагназуе скачок інфляцыі. Хоць у гэтым годзе індэкс росту цэн складзе 2,4%, то ў наступным ужо 3,5%.

аз