Беларуская Служба

Польскія ўлады спадзяюцца, што хутка ўдасца замовіць вакцыну іншых кампаній

19.01.2021 08:10
У Польшчу дастаўлена 176 тыс. дозаў вакцыны кансорцыуму Pfizer/BioNTech, замест планаваных 360 тыс.
zdj. ilustracyjne
zdj. ilustracyjneShutterstock

Кампанію вакцынацыі супраць Кавід-19 у Польшчы неабходна запаволіць па прычыне змяншэння колькасці прышчэпак, якія пастаўляюць у краіну іх вытворцы. Пра гэта паведаміў кіраўнік Канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Міхал Дворчык, які адказвае за Нацыянальную праграму вакцынацыі. У панядзелак у Польшчу было дастаўлена 176 тыс. дозаў вакцыны кансорцыуму Pfizer/BioNTech, замест планаваных 360 тыс.

Надоечы польскія ўлады атрымалі новы графік паставак, у якім прадбачваецца змяншэнне на прыкладна 360 тыс. дозаў на працягу бліжэйшых тыдняў.

- Мы хочам закончыць праграму вакцынацыі ўсіх супрацоўнікаў устаноў аховы здароўя ў лютым. Мы спадзяемся таксама, што атрымаецца заказаць чарговыя прышчэпкі. Гэта дазволіла б нам паскорыць праграму вакцынацыі. Ёсць інфармацыя пра магчымасць рэгістрацыі вакцыны фірмы AstraZeneca. Калі б гэта адбылося ў студзені або на пачатку лютага, мы маглі б яшчэ ў першым квартале заказаць вялікую партыю прышчэпак гэтай фірмы, і ў выніку паскорыць нацыянальную праграму вакцынацыі.

Згодна ранейшым паведамленням, скарачэнне паставак вакцыны Pfizer/BioNTech планавалася тэрмінам у тры тыдні. Аднак цяпер вытворцы завяраюць, што гэта зойме ўсяго 9 дзён, а з 25 студзеня пастаўкі будуць працягвацца паводле першапачатковага графіку. У пятніцу кампаніі растлумачылі, што яны павінны часова скараціць пастаўкі, паколькі намераны перабудаваць лінію ў адным з бельгійскіх заводаў, які пастаўляе вакцыну ў Еўропу, каб значна павялічыць яго вытворчыя магутнасці. Да гэтага часу ў Польшчы, паводле апошніх дадзеных, першую дозу вакцыны атрымалі 482 тыс. чалавек.

ІАР/нг