Беларуская Служба

Прэзідэнты Польшчы і Украіны падпісалі дэкларацыю аб імкненні Украіны стаць членам ЕС

07.05.2021 09:28
А. Дуда і У. Зяленскі высока ацанілі «значны прагрэс», дасягнуты Кіевам.
Prezydent RP Andrzej Duda i prezydent Ukrainy Wołodymyr Zełenski
Prezydent RP Andrzej Duda i prezydent Ukrainy Wołodymyr ZełenskiJakub Szymczuk/KPRP

Прэзідэнты Анджэй Дуда і Уладзімір Зяленскі падпісалі дэкларацыю аб імкненні Украіны далучыцца да Еўрапейскага Саюза. Нагодай для падпісання дакументу стаў Дзень Еўропы 9 мая.

Прэзідэнты Польшчы і Украіны высока ацанілі «значны прагрэс», дасягнуты Кіевам у рэалізацыі пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім Саюзам. Анджэй Дуда і Уладзімір Зяленскі таксама падкрэслілі важнасць і волю ўкраінскіх улад працягваць шлях рэформаў, асабліва ў галіне юстыцыі, унутраных спраў, барацьбы з карупцыяй і вяршэнства закона.

Прэзідэнты таксама падкрэслілі неабходнасць далейшага паляпшэння дзелавога клімату ва Украіне з мэтай прыцягнення інвестыцый і ўмацавання польска-ўкраінскага гандлю. У дэкларацыі гаворыцца таксама аб абнаўленні зместу пагаднення аб асацыяцыі. Працэс павінен пачацца на наступным саміце ЕС-Украіна.

Анджэй Дуда і Уладзімір Зяленскі таксама пагадзіліся, што неабходны стратэгічны перагляд Еўрапейскай палітыкі добрасуседства і Усходняга партнёрства. Мэта заключаецца ў тым, каб стварыць больш амбіцыйны светапогляд і захаваць палітыку ЕС адчыненых дзвярэй для краін, якія адпавядаюць еўрапейскім памкненням і выконваюць адпаведныя ўмовы.

Польшча і Украіна таксама згодныя з тым, што Кіеў можа падаць заяўку на членства ў Саюзе ў будучыні пры ўмове захавання ўсіх крытэрыяў далучэння, а таксама павагі да прынцыпаў дэмакратыі, асноўных свабод чалавека, правоў меншасцей і вяршэнства закона. У дэкларацыі таксама гаворыцца, што Польшча будзе падтрымліваць Украіну ў гэтых намаганнях. Абодва прэзідэнты заявілі, што праеўрапейскія рэформы ва Украіне патрабуюць падтрымкі міжнароднай супольнасці.

ІАР ПР/нг