Беларуская Служба

Міністэрства замежных спраў Польшчы рэагуе на хлусню МЗС Расіі, датычную 17.09.1939 г.

17.09.2021 16:46
«Ніякага «вызваленчага паходу» не было, было нападзенне, узгодненае з нацысцкай Германіяй».
Ministerstwo Spraw Zagranicznych
Ministerstwo Spraw Zagranicznychgov.pl

Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Польшчы Лукаш Ясіна пракаментаваў відэафільм расійскага Міністэрства замежных спраў, размешчаны ў сацсетках з нагоды з 82-й гадавіны савецкай агрэсіі супраць Польшчы.

Па інфармацыі МЗС Расіі, 17 верасня 1939 г. Чырвоная Армія пачала вызваленчы паход на тэрыторыю Польшчы.

«Ніякага «вызваленчага паходу» не было, было нападзенне, узгодненае з нацысцкай Германіяй. Польская Рэспубліка не спыніла сваё існаванне 17 верасня 1939 года. Жыхары акупаваных тэрыторый сталі ахвярамі злачынстваў, здзейсненых савецкай дзяржавай», – пракаментаваў у сацсетках прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Польшчы Лукаш Ясіна.

Варта адзначыць, што з нагоды 17 верасня беларускае рэжымнае тэлебачанне стварыла і апублікавала, між іншым, на YouTube цэлы «дакументальны» цыкл, які паўтарае хлусню савецкай прапаганды пра верасень 1939 г., а таксама пра папярэднія гады на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай. Фільм не быў заблакаваны амерыканскім сайтам, хоць і ўводзіў у зман.

Kresy24.pl/нг