Беларуская Служба

У Беластоку пікетавалі ў падтрымку Борыс і Пачобута

25.09.2022 14:45
Акцыі падтрымкі адбываюцца ў Беластоку ўжо некалькі месяцаў, першая прайшла ў чэрвені 2021 года.
Анжэліка Борыс і Анджэй ПачобутPolskie Radio

У нядзелю апоўдні ў Беластоку адбылася акцыя салідарнасці з пераследаванымі прадстаўнікамі польскай меншасці ў Беларусі – Анжэлікай Борыс і Анджэем Пачобутам. Удзельнікі пікета звярнулі ўвагу на пастаяннае пагаршэнне становішча палякаў у Беларусі.

Акцыі падтрымкі адбываюцца ў Беластоку ўжо некалькі месяцаў, першая прайшла ў чэрвені 2021 года. Удзельнікі – гэтым разам было каля трыццаці чалавек – заўсёды збіраюцца каля помніка ксяндзу Ежы Папялушку.

Пікетоўцы прынеслі з сабой шырокафарматныя фотаздымкі Борыс і Пачобута. Ва ўдзельнікаў была расцяжка з надпісам «Іх пасадзілі, таму што яны палякі» і яшчэ адна расцяжка з больш чым тысячай імёнаў рэпрэсаваных у Беларусі.

Журналіст, сябра рады СПБ Анджэй Пачобут, ужо паўтара года знаходзіцца пад вартай. Ён падазраецца ў «рэабілітацыі нацызму», улады абвінавачваюць яго таксама за падтрымку санкцыяў супраць Беларусі. Пачобута перавялі з мінскага СІЗА ў Гродна, дзе і адбудзецца судовы працэс. Дата суда пакуль невядомая. Анджэю Пачобуту пагражае да 12 гадоў турмы.

Старшыня непрызнаванага ў Беларусі СПБ Анжэліка Борыс выйшла на волю ў сакавіку, праз год пасля арышту, цяпер яна знаходзіцца пад хатнім арыштам у чаканні суда. У яе выпадку абвінавачванні тычацца «ўслаўлення нацызму», за што ёй пагражае таксама да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Праваабаронцы прызналі Борыс і Пачобута палітвязнямі.

PAP/яс