Беларуская Служба

У Вашынгтоне прайшла „Польская касмічная ноч”

23.10.2019 13:04
Падчас мерапрыемства ў сталіцы ЗША свае прапановы прэзентавалі кампаніі польскага касмічнага сектара.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:Free-Photos/pixabay.com/CC0 Public Domain

Кампаніі польскага касмічнага сектара прэзентавалі свае прапановы ў сталіцы ЗША. У сустрэчы, якая прайшла ў рэзідэнцыі амбасадара Польшчы ў Вашынгтоне, прыняў удзел таксама намеснік адміністратара НАСА Стыў Юрчык.

У прэзентацыі пад назовам „Польская касмічная ноч” прынялі ўдзел некалькі кампаній з касмічнай галіны, прадстаўнікі навуковых інстытутаў і прадстаўнікі дзяржаўных устаноў. „Суарганізатарам мерапрыемства было Польскае касмічнае агенцтва”, - нагадаў яго старшыня Міхал Шаняўскі (Michał Szaniawski).

- У нас ёсць магчымасці, у нас ёсць амбіцыі, у нас ёсць вопыт. Мы член Еўрапейскага касмічнага агенцтва. Не выкарыстаць гэткай нагоды было б стратай і грэхам.

У сваю чаргу намеснік адміністратара НАСА Стыў Юрчык адзначыў, што акрамя ўдзелу ў працы Еўрапейскага касмічнага агенцтва, Польшча ўзмацняе таксама непасрэднае супрацоўніцтва з НАСА.

Падчас сустрэчы польскія кампаніі прадставілі прадукты і тэхналагічныя рашэнні ў такіх галінах, як робататэхніка, механіка і спадарожнікавая апрацоўка дадзеных.

Польшча ўдзельнічае ў касмічных даследаваннях ужо 40 гадоў. У той час у касмічных місіях былі выкарыстаныя больш за 80 распрацаваных палякамі інструментаў. Польскі касмічны сектар у цяперашні час налічвае 350 кампаній, з якіх 50 займаюцца выключна касмічнай тэхнікай.

аз