Беларуская Служба

У Італіі дзве асобы памерлі ад каранавіруса

23.02.2020 11:24
Урад краіны ўводзіць «надзвычайныя крокі» – ізалюе 10 раёнаў з-за каранавірусу.
Здымак мае ілюстрацыйны характарEPA/Matteo Corner Dostawca: PAP/EPA.

У Італіі з'явіліся першыя смяротныя ахвяры каранавіруснай інфекцыі. Памерлыя – гэта 78-гадовы мужчына і 77-гадовая жанчына, паведамілі ўлады рэгіёнаў Ламбардыі і Венета, што на поўначы краіны. Гэта агмень распаўсюджання хваробы ў Італіі. Колькасць заражаных людзей ужо вырасла да 61.

Усё сведчыць аб тым, што крыніцай заражэння ў большасці выпадкаў стаў 40-гадовы менеджар кампаніі, які нядаўна вярнуўся з Кітая. У чацвер ён заразіў вірусам свайго 38 гадовага калегу, які сустрэўся з ім на вячэры. У чацвер мужчына ў цяжкім прыйшоў у шпіталь у Кадоньё, які стаў адным з цэнтраў распаўсюджвання віруса. Некалькі лекараў таксама захварэлі.

У адказ урад Італіі ўвёў абмежаванне свабоды перамяшчэння ў 10 рэгіёнах на поўначы краіны, дзе асабліва распаўсюдзіліся выпадкі заражэння каранавірусам COVID-19.

Жыхарам месцаў, якія лічацца цэнтрамі эпідэміі, будзе забаронена пакідаць іх, таксама будзе забаронены ўезд туды, заявіў 22 лютага прэмʼер-міністар Італіі Джузэпэ Контэ. На тамтэйшых станцыях не будуць спыняцца цягнікі. Міністр аховы здароўя Італіі Раберта Спэранса заявіў, што цяпер самая галоўная задача – спыніць распаўсюджванне віруса.

У сваю чаргу ўлады рэгіёна Венета прынялі рашэнне аб закрыцці ўсіх мясцовых універсітэтаў і прыпынілі працу школ, спартыўных цэнтраў, бараў і дыскатэк. У Кадоньё зачыненыя супермаркеты і рэстараны, нешматлікія мінакі на вуліцах носяць медычныя маскі. У Мілане зачыненыя муніцыпальныя грамадскія ўстановы.

Асаблівыя меры па барацьбе з эпідэміяй закранулі ўжо каля 50 тысяч чалавек на поўначы Італіі. Практычна ізаляваныя 10 населеных пунктаў.

Сярод еўрапейскіх краін у Італіі найбольшая колькасць выпадкаў заражэння каранавірусам. У Германіі зафіксавана 16 выпадкаў, у Францыі – 12, у тым ліку адзін са смяротным зыходам.

ПР/юл