Беларуская Служба

Паўночная Македонія стала 30-й краінай НАТА

28.03.2020 10:19
Паўночная Македонія стала 14 краінай, якая далучылася да блока НАТА пасля заканчэння халоднай вайны.
Skopje - stolica Macedonii Północnej
Skopje - stolica Macedonii PółnocnejShutterstock/saiko3p

Балканская дзяржава далучылася да НАТА, здаўшы на захоўванне ў Дзяржаўны дэпартамент ЗША пасведчанне аб прыёме ў альянс, паведамілі ў Паўночнаатлантычным альянсе ў пятніцу, 27 сакавіка. Перад штаб-кватэрай НАТА ў Бруселі 29 сакавіка адбудзецца цырымонія ўзняцця сцяга Паўночнай Македоніі.

Далучэнню невялікай балканскай дзяржавы з насельніцтвам усяго 2,1 млн чалавек да НАТА доўгі час перашкаджала спрэчка з Грэцыяй, прадметам якой была афіцыйная назва Македоніі. Афіны асцерагаліся, што дзяржава з назвай «Македонія» можа прад'явіць тэрытарыяльныя прэтэнзіі да аднайменнай грэцкай правінцыі. Толькі пасля таго, як Скопʼе ў чэрвені 2018 года пагадзіўся змяніць назву краіны на Паўночную Македонію, перашкода на шляху еўраатлантычнай інтэграцыі была ліквідаваная.

«Паўночная Македонія з гэтага часу зʼяўляецца членам сямʼі з 30 краін і амаль аднаго мільярда чалавек. Паўночнаатлантычны альянс грунтуецца на ўсведамленні таго, што ўсе разам мы мацней і бяспечней незалежна ад таго, з якімі праблемамі мы сутыкаемся», – заявіў генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг.

Паўночная Македонія стала 14 краінай, якая далучылася да блока НАТА пасля заканчэння халоднай вайны. Большасць гэтых краін раней уваходзілі ў сферу ўплыву СССР. Апошнім часам Альянс засяродзіўся на прыёме ў свой склад краін Заходніх Балкан – рэгіёну, у якім Расія спрабуе ўзмацніць свой уплыў. У чэрвені 2017 года ў НАТА была прынятая Чарнагорыя. Харватыя і Албанія ўступілі ў НАТА яшчэ ў 2009 годзе.

У 2004 годзе НАТА адным махам прыняла ў сваім склад Балгарыю, Эстонію, Латвію, Літву, Румынію, Славаччыну і Славенію. У 1999 годзе Чэхія, Польшча і Вугоршчына сталі першымі дзяржавамі былога Усходняга блока, якія ўступілі ў Паўночнаатлантычны альянс.

паводле dw.com/эж