Беларуская Служба

«Мы адчуваем глыбокі сорам»: Ангела Меркель наведала Асвенцім

06.12.2019 17:56
Ангела Меркель заявіла, што заўжды трэба падкрэсліваць адказнасць немцаў за злачынствы, здзейсненыя ў Асвенцыме.
Аўдыё
  • Канцлер Меркель і прэм’ер Маравецкі разам ушанавалі памяць ахвяраў нацысцкай Нямеччыны, усклаўшы кветкі ля «сцяны смерці», што на падворку лагернага блоку № 11.
.
А. Меркель PAP/Andrzej Grygiel

Федэральны канцлер Нямеччыны Ангела Меркель прыбыла ў былы нямецкі лагер смерці Аўшвіц-Біркенау. Разам са сваім польскім калегам Матэвушам Маравецкім канцлер наведала вусцішнае месца памяці.

Ангела Меркель распачала наведвання мемарыялу з лагернага крэматорыя, далей урадавыя дэлегацыі накіраваліся да лагернай брамы, на якой вісіць сумнавядомы лозунг «Arbeit macht frei» («Праца вызваляе»).

Нагодай для візіту нямецкага канцлера стала 10-ая гадавіна стварэння Фонду «Аўшвіц-Біркенау», які займаецца ўтрыманнем гэтага важнага для ўсёй заходняй цывілізацыі месца памяці. Дырэктар фонду Пётр Цывіньскі падкрэслівае асабліва важнае значэнне візіту Меркель:

-Наша місія – гэта як мага даўжэй падтрымліваць мемарыял у належным стане, процістаяць натуральнаму працэсу старэння і знішчэння. Сённяшні візіт Ангелы Меркель выдатна дэманструе, што наша мэта мае сэнс і яна дасяжная. Для многіх будучых пакаленняў гэтае месца будзе захоўвацца так доўга, на колькі гэта магчыма.

Красамоўным з’яўляецца той факт, што да сённяшняга дня лагер смерці ў Асвенціме наведала толькі два кіраўніка нямецкага ўраду. У 1977 годзе тут пабываў Гельмут Шмідт,яго переемнік на гэтай пасадзе Гельмут Коль двойчы наведаў нямецкі лагер смерці – 1989 і 1995 гадах.

Падчас урачыстасцяў з нагоды 10-годдзя Фонду «Аўшвіц-Біркенау» Ангела Меркель заявіла, што заўжды трэба падкрэсліваць адказнасць немцаў за злачынствы, здзейсненыя ў Асвенцыме. Канцлер пераконвала, што гаворачы пра гэта месца заўжды належыць ужываць яго поўную назву – былы нямецка-нацысцкі канцэнтрацыйны лагер смерці 1940-45 гадоў:

-Гэта назва важная. Поўная назва. Асвенцім знаходзіцца ў Польшчы, але ў кастрычніку 1939 года быў анексаваны ІІІ Райхам. Аўшвіц быў нямецкім лагерам смерці, якім кіравалі немцы. Для мяне важна, каб гэты факт падкрэслівалі. Важна, каб дакладна ўказвалі на катаў. Мы, немцы, вінны гэта ахвярам, але і самі сабе.

Мы адчуваем глыбокі сорам ад таго, якія варварскія злачынствы немцы тут учынялі. Злачынствы перакрочылі межы ўсяго магчымага. Жудасныя цярпенні, якія былі прычыненыя ў гэтым месцы жанчынам, дзецям і мужчынам дазваляць толькі змоўкнуць.

Канцлер Меркель і прэм’ер Маравецкі разам ушанавалі памяць ахвяраў нацысцкай Нямеччыны, усклаўшы кветкі ля «сцяны смерці», што на падворку лагернага блоку № 11.

Прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі пераконваў, што Польшча не спыніць свае намаганні па ахове памяці пра Другую сусветную вайну.

-Польская дзяржава ўзяла на сябе абавязак дбаць пра памяць аб тых часах, аб злачынствах нацысцкай Нямеччыны. Справядлівасць для ахвяраў вымагае гэтае памяці. Таксама гэта наш абавязак перад ахвярамі, перад тымі, хто не дажыў да сёння і перад тымі, хто застаў нашыя часы. Мы будзем дбаць пра гэту справядлівасць.

Кіраўнікі ўрадаў Польшчы і Нямеччыны прамаўлялі ў гістарычным будынку так званай «саўны», дзе адбывалася «сарціроўка» новых вязняў. «Саўна» знаходзіцца на тэрыторыі Аўшвіц ІІ-Біркенау.

Напярэдадні прыезду ў Польшчу, нямецкі федэральны ўрад аб’явіў, што Берлін прызначыць 60 мільёнаў еўра Фонду «Аўшвіц-Біркенау». Фонд распараджаецца сродкамі, які накіроўваюцца на ахову матэрыяльных слядоў Глакос і тэрору ў былым нямецкім лагеры. Пасля гэтага кроку, нямецкая падрымка фонду ўзрасла ў два разы: з 60 да 120 мільёнаў еўра. Агулам у фінансаванні Фонду прымае ўдзел 38 краінаў свету, у тым ліку Ізраіль, Расія і Злучаныя Штаты. Польшча ў 2011 годзе прызначыла на патрэбы фонду 10 мільёнаў еўра.

Комплекс нямецкіх лагераў смерці Аўшвіц-Біркенау дзейнічаў з 1940 па 1945 год. Паводле падлікаў гісторыкаў, цягам пяці гадоў нацысты ў сваёй фабрыцы смерці знішчылі да 1 млн 600 тыс. чалавек. Лагер смерці быў вызалены Савецкай Арміяй 21 студзеня 1945 года.

Слухайце аўдыё!

IAR/ЭЖ