Беларуская Служба

Гістарычнае знаёмства: польская пісьменніца і нараджэнка Беларусі Марыя Радзевічуўна

14.02.2020 09:37
У жыцці Марыя Радзевічуўна паводзілася і апраналася як мужчына: у яе была кароткая стрыжка, яна насіла мужчынскія касцюмы і гальштукі, і кіравала маёнткам цвёрдай рукой. 
Аўдыё
  • Сённяшняя гістарычная рубрыка будзе прысвечаная Марыі Радзевічуўне – польскай пісьменніцы і навелістцы, адной з самы вядомых празаікаў міжваеннага перыяду
 , 1911
Марыя Радзевічуўна, 1911 год Narodowe Archiwum Cyfrowe

Сённяшняя гістарычная рубрыка будзе прысвечаная Марыі Радзевічуўне – польскай пісьменніцы і навелістцы, адной з самы вядомых празаікаў міжваеннага перыяду. Яна з’яўляецца адным з вядучых прадстаўнікоў пазітывізму ў польскай літаратуры. І большасць жыцця пісьменніца была звязаная з беларускай зямлёй.
Нарадзілася будучая пісьменніца 2 лютага 1863 года на Гродзеншчыне. У 1881 годзе, пасля смерці бацькі, атрымала ў спадчыну маёнтак Грушава каля Кобрына, якім займалася практычна ўсё жыццё.

Дэбютавала ў літаратуры ў 1882 годзе, апублікаваўшы пад псеўданімам дзве навелы. Пачынаючы з 1884 года таксама пад псеўданімам пачала публікаваць апавяданні. Аднак сапраўдная папулярнасць да яе прыйшла пасля перамогі ў літаратурным конкурсе часопіса «Świt» са сваім раманам «Страшны дзядуля» (1886 год). Гэтую папулярнасць узмацніла чарговая перамога Радзевічуўны ў конкурсе раманаў: у 1888 годзе быў апублікаваныя яе твор «Dewajtis». У 1889 годзе раман выйшаў у кніжным выдавецтве і быў перакладзены на 9 еўрапейскіх моў (1890-1891 г.г.).

Раман «Dewajtis» быў вельмі добра прыняты тагачаснай літаратурнай крытыкай, яго заўважылі ўсе буйныя часопісы і рэцэнзенты, у тым ліку вядомыя пісьменнікі, напрыклад, Марыя Канапніцкая. І з таго моманту кожны твор Марыі Радзевічуўны, які выходзіў, карыстаўся вялікім зацікаўленнем чытачоў.

Дарэчы, у жыцці Марыя Радзевічуўна паводзілася і апраналася як мужчына: у яе была кароткая стрыжка, яна насіла мужчынскія касцюмы і гальштукі, і кіравала маёнткам цвёрдай рукой. Была нават такая гісторыя, што пісьменніца пабіла пастуха, які ў яе служыў. За гэта ўладальніцы маёнтка пагражала нават два тыдні арышту, але справу вырашылі палюбоўна: Радзівічуўна заплаціла пастуху 5 рублёў (гэта было да рэвалюцыі).

У маёнтку пісьменніцы пастаянна жылі прыгожыя і маладзейшыя за яе жанчыны, якія ёй дапамагалі кіраваць гаспадаркай і ўвогуле былі блізкімі да вядомай кабеты. Гэта спарадзіла чуткі пра тое, што Марыя Радзівічуўна – лесбіянка. Дарэчы, паводле часткі гісторыкаў, у гэтых чутак – вялікая доза праўды.

Пасля Першай сусветнай вайны, калі частка Палесся, у тым ліку і маёнтак Грушава, увайшла ў склад Польшчы, Радзівічуўна развівала гаспадарку, у тым ліку і за грошы з літаратуры, адначасова прымаючы актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Здаралася, што яна крытыкавала польскія ўлады за палітыку адносна мясцовага непольскага насельніцтва, але пры гэтым падтрымлівала каталіцкі касцёл і памешчыкаў, якіх лічыла аплотам польскасці на Палессі.

Калі пачалася Другая сусветная вайна, Марыя Радзівічуўна была ўжо пажылой жанчынай. Па падробленых паперах яна пакінула маёнтак, заняты саветамі, і пасля скітанняў трапіла ў Варшаву. На ўсім шляху людзі, даведаўшыся пра тое, што гэта – вялікая пісьменніца, ёй дапамагалі. Памерла Марыя Радзівічуўна ў лістападзе 1944 года ў адным з маёнткаў каля Варшавы. У 1948 годзе яе парэшткі былі перанесеныя на варшаўскія прэстыжныя могілкі «Павонзкі» ў месца, дзе пахаваныя лепшыя дочкі і сыны польскай зямлі.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу