Беларуская Служба

Томас Венцлава: У Літве дагэтуль існуе інертнасць антыпольскай перадваеннай ментальнасці

11.03.2020 16:54
Прафесар Ельскага ўніверсітэту, дысідэнт, літоўскі паэт і перакладчык Томас Венцлава звярнуў увагу на найважнейшыя дасягненні Літвы за 30 гадоў незалежнасці.
Аўдыё
  • З савецкім дысідэнтам, літоўскім паэтам і перакладчыкам Томасам Венцлава размаўляў Эдуард Жолуд.
.
.facebook.com/nausedagitanas

11 сакавіка Літва адзначае Дзень аднаўлення незалежнасці. У гэты дзень у 1990 годзе Вярхоўны Савет яшчэ савецкай Літвы абвясціў пракламацыю «Аб аднаўленні незалежнасці літоўскай дзяржавы». Літоўцы першыя заканадаўча заявілі аб сваім намеры пакінуць Краіну Радаў.

«Кожны раз у гэты дзень да нас звяртаецца голас гордага і непераможнага народа, які стварыў цуд, які стаў значным фактам у сусветнай гісторыі XX стагоддзя» – павіншаваў суграмадзянаў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Прафесар Ельскага ўніверсітэту, дысідэнт, літоўскі паэт і перакладчык Томас Венцлава звярнуў увагу на найважнейшыя дасягненні Літвы за 30 гадоў незалежнасці:

-Мы маем ў меру дэмакратычную рэспубліку, вольны друк. Някепска атрымалася з эканомікай Літвы. Ходзячы па вуліцах Вільні, бачна як узровень жыцця паляпшаецца штогод, а нават штодня. Цяпер Літва знаходзіцца ў значна лепшым эканамічным становішчы, параўноўваючы з тым, што мы мелі перад Другой сусветнай вайной.

Нягледзячы на пэўныя праблемы, Літва стала больш бяспечнай краінай. НАТА абараняе Літву і ў выпадку пагрозы яна сама хоча абараняцца. З рэшты гэтага не было бачна перад вайной. І відавочна Літва стала значна больш дэмакратычнай краінай. Падсумоўваючы – прагрэс заўважальны, вельмі заўважальны.

Чаму на працягу трыццаці гадоў існавання незалежнай і дэмакратычнай Літвы не атрымалася наладзіць паўнавартасных і прыязных адносінаў з Польшчай? Такое становішча пачало актыўна выпраўляцца зусім нядаўна.

-Гэта сітуацыя выпраўлялася ўвесь час. Я не буду гаварыць пра Польшчу, бо я не з'яўляюся яе грамадзянінам і хіба не маю права пра гэта гаварыць. Гаворачы пра Літву, тут дагэтуль існуе інертнасць перадваеннай ментальнасці. А перадваенная літоўская ментальнасць была выключна антыпольская. Прынамсі ў некаторых семʼях яна перадаецца дзецям і ўнукам. Але такі стан рэчаў змяняецца, без сумневу змяняецца. Мне падаецца, яшчэ пару дзясяткаў гадоў і такое стаўленне да Польшчы знікне назаўсёды.

Памятаю, як калісьці, яшчэ ў камуністычныя часы размаўляў з Адамам Міхнікам. Тады Міхнік у мяне запытаў, як у Літве глядзяць на праблему польска-літоўскай уніі. Я адказаў, што ніхто на гэта не пагодзіцца апроч аднаго чалавека – мяне асабіста. Зараз такіх людзей больш, але дагэтуль яны не большасць. І гэтай большасці хіба не будзе ніколі. Але стрыманы, спакойны погляд на ўнію мае значна больш людзей чымсьці 20, а тым больш 30 гадоў таму. Напрыклад нядаўна мы размаўлялі пра Канстытуцыю 3 траўня. У міжваеннай Літве яе ўспрымалі выключна як негатыўную зʼяву. Аднак цяпер паўсюдна Канстытуцыя 3 траўнялічыцца цудоўнай старонкай літоўскай гісторыі.

Спадар прафесар, нягледзячы на відавочныя змены пра якія вы кажаце, да гэтага часу польска-літоўскія адносіны абцяжараныя цэлым комплексам нявырашаных праблемаў, напрыклад напісанне польскіх прозвішчаў у Літве. Як вам падаецца, гэтыя праблемы будуць вырашаныя, ці мясцовыя палякі хутчэй растварацца ў літоўскай большасці?

-Не так хутка яна тут растварыцца, але гэта не выключана ў перспектыве нават не дзесяцігоддзя, а стагоддзя. У падобнай сітуацыі знаходзяцца літоўцы ў Польшчы, якія пераважна пражываюць у ваколіцах Сейнаў, яны таксама знікаюць. Я часта там бываю, назіраю за гэтым, але там ёсць актыўныя і свядомыя літоўцы.

З іншага боку я ўвесь час быў супраць таго, каб забараняць ужываць у дакументах чатыры польскія літары. Гэта смешна! Першы незалежніцкі літоўскі часопіс «Аўшра», які выходзіў напрыканцы ХІХ ст., выкарыстоўваў гэтыя польскія літары. Менавіта з гэтага і распачаўся літоўскі незалежніцкі рух. Літары не перашкаджалі і перашкаджаць не могуць літоўскай справе! Апошнім часам пра гэта сталі менш гаварыць, нават польскі ўрад пачаў прыплюшчваць вочы. Паглядзім, што будзе далей.

Агулам сітуацыя на Віленшчыне неблагая. Нядаўна абʼездзіў Віленшчыну, быў у Салечніках, Табарышках. Там людзі вывучалі дзяржаўную літоўскую мову, таксама як і літоўцы ў Польшчы. Аднак з гэтым бываюць цяжкасці, бо літоўская значна больш складаная за польскую, і амаль за кожную мову ў Еўропе. Вялікага трэнняў там ужо няма. Спадзяюся, што з кожным годам і дзесяцігоддзем яно будзе змяншацца.

Беларусь заўжды была для вас блізкая. Летась падчас фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» вы ўдзельнічалі ў прэзентацыі перакладу вашых вершаў на беларускую. Як вы лічыце, чаму ў палякаў і літоўцаў атрымліваецца будаваць дэмакратычныя і незалежныя дзяржавы, а ў беларуса ў не?

-Беларусі ніколі не шанцавала. Перадусім беларускі нацыянальны рух пачаўся вельмі позна. Ён пачаўся вельмі позна і амаль адразу быў задушаны. Гэта пераважна было зроблена бальшавікамі, але і ў міжваеннай Польшчы на яго крыва паглядалі. Савецкая ўлада ў Беларусі панавала на 20 гадоў больш чым у нас, у Літве. Мне падаецца, што прычына розніцы менавіта ў гэтым.

Але Беларусь таксама змяняецца. Напрыклад, нядаўна быў на лётнішчы ў Мінску і быў пад уражаннем таго, што там былі надпісы на трох мовах: па-беларуску, па-ангельску і па-кітайску і ані слова па-руску. Беларуская мова папулярызуецца больш актыўна ў параўнанні з тым, што адбывалася пару дзясяткаў гадоў таму.

Вы добра знаёмыя з Расіяй. У якім умовах гэнны крамлёўскі, пуцінскі неаімперыялізм можа згарнуцца, адступіць?

-Я не веру ў лёс народу. Я не веру, калі хтосьці кажа: «Расія ніколі не зменіцца» або «арабскія краіны ніколі не змяняцца», зменяцца! Мы ўжо бачылі змененую Расію часоў Ельцына, змены працягваліся 10 гадоў і гэта нямала. Потым кружэлка зайграла сумна знаёмую мелодыю і мы атрымалі рэвізіяністычную Расію. Але не веру, што гэта навек. Усё можа даволі хутка змяніцца.

Ці гэта азначае, што вы верыце ў агульную Еўропу ад Лісабона па Уладзівасток?

- У вельмі агульным сэнсе – так. Я веру ў адзіны агульны свет, ад Лісабона да Грэнландыі, да Нью-Ёрку і так далей...

З савецкім дысідэнтам, літоўскім паэтам і перакладчыкам Томасам Венцлава размаўляў Эдуард Жолуд.

Слухайце аўдыё!