Беларуская Служба

81 год таму пакончыў з жыццём блізкі паплечнік Юзэфа Пілсудскага

04.04.2020 08:02
Самазабойства ён здзейсніў а 20:45 – менавіта чатырмя гадамі раней, 2 красавіка 1935 года а гэтай жа самай гадзіне памёр Юзэф Пілсудскі.
Аўдыё
  • 81 год таму пакончыў з жыццём блізкі паплечнік Юзэфа Пілсудскага
-    ()      , , 1930
Прэм'ер-міністр Польшчы Валеры Славэк (справа) і старшыня Сейма краіны Ігнацы Масціцкі, Варшава, 1930 год Narodowe Archiwum Cyfrowe

2 красавіка 1939 года ў сваёй кватэры ў Варшаве здзейсніў спробу самагубства Валеры Славэк – вядомы польскі палітык, тройчы прэм’ер-міністр Польшчы, старшыня Сейму краіны, палкоўнік Войска Польскага. Славэк быў блізкім паплечнікам маршала Юзэфа Пілсудскага.

Валеры Славэк нарадзіўся ў 1879 годзе ва Украіне на тэрыторыі цяперашняй Вінніцкай вобласці. Закончыў гімназію, пасля – Варшаўскую гандлёвую школу. Будучы на вучобе ў Варшаве, пачаў дзейнічаць у сацыялістычным руху. У той час Польская сацыялістычная партыя, адной з галоўных персон якой быў Пілсудскі, была важнейшай рэвалюцыйнай сілай на тэрыторыі Польскага Царства. І хоць постаць Валеры Славэка, парадаксальна, не да канца вывучаная гісторыкамі, то яго далейшая палітычная кар’ера стала магчымай дзякуючы знаёмству з Пілсудскім, кажа гісторык, прафесар Людвіг Маліноўскі.

- Валеры Славэк, як і многія палітыкі даваеннай Польшчы, нарадзіўся на Крэсах. Пра яго ранейшыя гады вядома няшмат, напрыклад, невядомае яго дакладнае паходжанне, хто быў яго бацькам. Вядома, што паходзіў з дробнай шляхты, рана стаў сіратой. Ён быў чалавекам, якога выхавала бядота. Славэк гэта разумеў і ніколі самастойна не піхаўся на высокія пасады. Ён меў мяккае сэрца, але з іншага боку быў вельмі ўпарты і адважны. Для прыкладу, у нападзе на царскі паштовы цягнік у часы, калі быў рэвалюцыянерам Польскай сацыялістычнай партыі, ён страціў вока і два пальцы на правай руцэ; у яго былі шнары на грудной клетцы, спіне і на твары, і таму ён насіў бараду, бо стараўся іх закрываць. Ён гэта перажыў, вытрываў і дзейнічаў далей.

У 1902 годзе Славэк упершыню пазнаёміўся з Юзэфам Пілсудскім. І з таго моманту ён стаў самым верным вучнем будучага кіраўніка Польшчы, правай рукой, найбольш даверанай асобай. Калі неабходна было вырашыць нейкае важнае і небяспечнае пытанне, Пілсудскі давяраў яго Славэку.

Падчас польска-бальшавіцкай вайны служыў у Войску Польскім у ІІ-м упраўленні Генштаба (разведка і контрразведка), займаў, у прыватнасці, пасаду начальніка ІІ-га ўпраўлення Літоўска-Беларускага фронту. Пасля вайны служыў у арміі, а ў вялікую палітыку заангажаваўся (калі ж казаць дакладна, то быў уцягнуты Пілсудскім) у 1927 годзе, пасля перавароту Юзэфа Пілсудскага ў маі 1926 года. Тады ён узначаліў нефармальную Раду палкоўнікаў – орган, які складаўся з верных Пілсудскаму афіцэраў. Частка гісторыкаў называе той перыяд «дыктатурай палкоўнікаў», бо іх роля ў кіраванні дзяржавай была вельмі вялікай. Тады ж нефармальны кіраўнік дзяржавы, то бок маршал Пілсудскі, стаў называць Славэка «верны Валеры». І таму ён тройчы быў прэм’ер-міністрам краіны, старшынём Сейма, займаў іншыя важныя дзяржаўныя пасады.

Пасля смерці Юзэфа Пілсудскага ў 1935 годзе акружэнне маршала Польшчы пачало адсоўваць Славэка ад дзяржаўных спраў. Гісторыкі лічаць, што палітык не мог з гэтым змірыцца, і таму прыняў рашэнне пакончыць з жыццём. 2 красавіка 1935 года ў сваёй кватэры Валеры Славэк стрэліў сабе ў рот. Сімвалічна тое, што самазабойства ён здзейсніў а 20:45 – менавіта чатырмя гадамі раней, 2 красавіка 1935 года а гэтай жа самай гадзіне памёр Юзэф Пілсудскі. Гэта сведчыць пра тое, наколькі палкоўнік Славэк быў блізка звязаны з маршалам Польшчы.

Стрэл аднак не забіў яго на месцы: Славэка даставілі ў вайсковую клініку, дзе ён памёр на наступны дзень, 3 красавіка. Палкоўнік пакінуў перадсмяротную запіску, у якой прасіў нікога не абвінавачваць у сваёй смерці. За некалькі гадзін да суіцыду Славэк сустрэўся са сваім сябрам, які пасля трагедыі сказаў, што нішто не сведчыла пра тое, што палкоўнік здзейсніць самазабойства.

У Валеры Славэка не было сям’і – усё жыццё ён прысвяціў рэвалюцыі, войску і службе дзяржаве.

Валеры Саўко

сюжэт падрыхтаваны на падставе архіўных матэрыялаў Польскага радыё

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу