Беларуская Служба

Рэдакцыйная кухня: гатуем сезонную страву - леча

11.08.2020 15:28
Цяпер пачынае спець гародніна і садавіна, і грэхам было б не выкарыстаць гэтую нагоду.
ЛечаRobfoto/pixabay.com/pixabay free images for commercial use

У кулінарнай рубрыцы, сябры, мы працягнем гатаваць сезонныя стравы. Цяпер пачынае спець гародніна і садавіна, і грэхам было б не выкарыстаць гэтую нагоду. А калі на вашым агародзе яшчэ гародніна не саспела, дык можна яе купіць на рынку альбо ў краме – цяпер яна ўжо недарагая. І так, сёння прыгатуем леча.

І так, для таго, каб прыгатаваць духмянае, каляровае і смачнае леча нам спатрэбіцца кілаграм чырвонага перца, 200 г морквы, каля 1 кілаграма мяккіх памідораў, некалькі зубкоў часныку, некалькі цыбулін і паўпучка пятрушкі.

Памідоры мыем, наразаем на чвэрці. Перац таксама мыем, выдаляем пладаножкі, дробна шынкуем. Моркву чысцім, мыем і сціраем на тарцы. Цыбулю наразаем паўколцамі. Некаторыя кухары рэкамендуюць яе ашпарыць, але я гэтага не раблю.

Нарэзаныя памідоры прапускаем праз мясасечку, а часнык – праз прэс, пятрушку рэжам. Усе прадукты ўкладваем у шырокую міску альбо каструлю і ставім на невялікі агонь. Найлепш, каб пасудзіна мела тоўстае дно, тады наша страва не прыгарыць.

У працэсе гатавання гародніна выпускае нямала соку. Першапачаткова гародніну трэба старанна перамешваць. Потым агонь трэба зменшыць да мінімуму і пакінуць варыцца да гатовасці. Падчас гатавання трэба дадаць соль і цукар па смаку, некалькі сталовых лыжак расліннага алею. Хоць я аддаю перавагу вельмі добрай аліўкавай аліве.

Калі памідоры кіслыя, то дадаваць больш нічога не трэба, але калі саладкаватыя, то можна ўліць пару лыжак вінаграднага воцату. Гэта адзін з варыянтаў... Я ж прапаную выціснуць сок з лімона для кіслінкі. І зноў жа пытанне: колькі? Хто як любіць – па смаку. У якасці варыянта можна таксама дадаць сок лайма, і тады страва атрымае экзатычны водар. Але гэта ўжо на аматара.

Зразумела, дадаём прыправы: духмяны перац, лаўровы ліст, чорны перац гарошкам і молаты. А таксама, але гэта выключна мая інтэрпрэтацыя, праванскія травы. Гэта мая любімая прыправа! Дзякуючы ёй атрымаеце дома пах сонечнага Праванса!

Можна, канешне, дадаць у леча парэзанае падсмажанае мяса альбо каўбасу. Але я б застаўся аднак пры вегетарыянскай схеме. Па-першае, больш карысна. Па-другое, пры такой спякоце арганізм хоча нечага больш лёгкага. А падаць леча прапаную з рысам. Адварваем рыс і на талерцы падаём, паліўшы яго саліднай порцыяй леча. Хоць таксама чытаў пра варыянты падачы з бульбай. Таксама можна, тым больш узяўшы пад увагу любоў да бульбы сярод беларусаў, ды і палякаў таксама.

У якасці варыянту можна выкарыстаць не чырвоны, а белы балгарскі перац. У гэтай страве таксама неабавязкова трымацца нейкіх прапорцый, таму можна даць больш памідораў і менш перцу ды наадварот – на смак гэта асаблівым чынам не паўплывае.

Ну, а пра карысць гародніны гаварыць не прыходзіцца – гэта проста скарбніца вітамінаў і мінералаў! Гародніна – гэта таксама клятчатка, якая аказвае вялізны ўплыў на правільнае функцыянаванне стрававальнай сістэмы.

Смачна есці!

Валеры Саўко

здымак мае ілюстрацыйны характар

Больш на гэтую тэму: Лыжка і відэлец