Беларуская Служба

Варшаўскія школьнікі пазнаюць гісторыю, гуляючы ў адукацыйную гульню

29.09.2020 14:58
Дзеянне гульні заснаванае на лёсе адной асобы – падпалкоўніка Вацлава Ліпіньскага.
Аўдыё
Гарадская гульня ў Варшавефота: PAP/Rafał Guz

Мабільная гарадская гульня пад назваю «Голас змагароў Варшавы. Падпалкоўнік Вацлаў Ліпіньскі» – гэта новая адукацыйная прапанова Прыпынку гісторыя – Адукацыйнага цэнтру Інстытуту нацыянальнай памяці імя Януша Куртыкі ў Варшаве.

У чым заключаецца гульня? Дзеля таго, каб у яе згуляць, неабходна мець смартфон, у які трэба спампаваць спецыяльнае прыкладанне «ActionTrack». Пры яго дапамозе можна прыняць удзел у ландшафтнай гульні, пры нагодзе пазнаючы важную старонку гісторыі Польшчы.

Дзеянне гульні заснаванае на лёсе адной асобы – падпалкоўніка Вацлава Ліпіньскага, які ў верасні 1939 году быў прызначаны кіраўніком Бюро прапаганды ў штаб-кватэры камандавання абаронай Варшавы. Ліпіньскі кожны дзень выступаў з прамовамі па радыё, звяртаўся да варшавянаў, паведамляў ім пра сітуацыю на фронце, даваў веру і надзею ў перамогу, падбіраў словы, якія маглі пераканаць жыхароў краіны. А яны змагаліся на двух франтах – з фашыстамі і бальшавікамі.

21 верасня Ліпіньскі казаў пра захаванне надзеі ў крайне цяжкіх умовах, нагадваючы пра перамогу ў Варшаўскай бітве 1920 году.

- Давайце ўспомнім гэтую выдатную ідэю – манеўр Пілсудскага, які ў жахлівай сітуацыі змог дасягнуць такіх выдатных рэзультатаў у 1920 годзе. Так што мы змагаемся, і будзем змагацца, нягледзячы на тое, што ў камунікатах генеральнага нямецкага штабу паведамляюць, што вайна ў Польшчы быццам бы закончылася. Так, мы сутыкнуліся з вялізнай колькаснай перавагай сілаў ворага, мы разумеем, у якіх цяжкіх умовах мы знаходзімся, але будзе змагацца далей.

На жаль, неўзабаве пасля гэтага радыёстанцыя Варшава ІІ замоўкла. Гэтак сталася, калі нямецкія самалёты разбамбілі электрастанцыю ў варшаўскім раёне Павісле. У сваім апошнім камунікаце, які прагучаў 22 верасня, Вацлаў Ліпіньскі адзначаў, што лёс вайны будзе вырашацца ў змаганні паміж гітлераўскай Германіяй ды краінамі Захаду. Пры гэтым ён падкрэсліў неабходнасць далей працягваць паслядоўную барацьбу з акупантамі.

- Увесь свет, стрымліваючы дыханне, будзе глядзець на змаганне немцаў з Францыяй, Англіяй... Таксама, як раней ён глядзеў на барацьбу Польшчы з Германіяй. Дзеля таго, каб канец быў пераможны, мы павінны працаваць і аддаць усе нашы сілы. І, хоць часам нам прыходзіцца вельмі цяжка, мы павінны захаваць спакой, мы павінны захаваць спакойны твар, паколькі, канешне ж, перамога будзе на нашым баку.

У гонар падпалкоўніка Ліпіньскага, у Варшаве сёння адбылася прэм’ера новай гарадской гульні. Такім чынам, замест урокаў гісторыі за школьнымі партамі, школьнікі вучыліся на свежым паветры. Цягам некалькіх гадзін яны хадзілі па горадзе і шукалі спецыяльныя аб’екты. Яшчэ перад пачаткам гульні са школьнікамі паразмаўляў карэспандэнт Польскага радыё.

- Гэта інакш, чым на ўроку. Цікавей. Мы будзем хадзіць па горадзе, шукаць розныя рэчы. Гэтага на нармальным уроку ў школе мы б не рабілі.

Дырэктар Бюро адукацыі Інстытуту нацыянальнай памяці Адам Глябовіч адзначае, што вялікім козырам дадзенай гульні з’яўляецца вучоба на свежым паветры.

- Можна гэтую гульню разыграць па-рознаму. Можна гэта зрабіць індывідуальным чынам, можна таксама ў невялікіх камандах. Так што гэта бяспечная форма з пункту гледжання сённяшніх пандэмічных умоваў. З аднаго боку гэта аптымальны варыянт правядзення ўрокаў, а з другога боку, для нас вельмі важна, каб пры нагодзе школьнікі засвойвалі гістарычныя факты, якія мы хочам ім перадаць. Так што тут ёсць важны адукацыйны элемент. Але таксама элемент здаровага правядзення часу ды магчымасці інтэграцыі. І канешне, паявіцца элемент спаборніцтва і спартыўных эмоцыяў.

Неабходна прыгадваць моладзі такіх людзей, як Вацлаў Ліпіньскі, паколькі з цягам часу памяць пра іх слабне. А ён адыграў вельмі істотную ролю ў гісторыю польскай дзяржавы, – кажа каардынатар падзеі Міхаліна Жэлязны.

- Чаму наша гульня называецца «Голас змагароў Варшавы?». Справа ў тым, што падпалкоўнік Ліпіньскі кожны дзень па радыё паведамляў слухачам не толькі пра сітуацыю на фронце, але таксама пра сітуацыю ў самім горадзе. Яго прамовы, якія на самой справе былі незвычайнымі, давалі людзям надзею і веру ў тое, што ўдасца выратаваць нашу маладзенькую незалежнасць. Польшча тады зусім нядаўна стала незалежнай дзяржавай, у 1918 годзе.

Удзельнікаў гульні вядуць двое фікцыйных гідаў – падлетак і яго дзядуля, якія асабіста ведалі падпалкоўніка Ліпіньскага. Акрамя таго, гульня паказвае звычайны быт жыхароў тагачаснай Варшавы, цяжкасці, з якімі прыходзілася змагацца жыхарам сталіцы, іх боязі і надзеі.

Прыкладанне, якое выкарыстоўваецца ў гульні, была створана ў Фінляндыі, дзе ім карыстаюцца ў адукацыйных мэтах.

 

нг