Беларуская Служба

Найважнейшым сімвалам беларускіх пратэстаў стаў бел-чырвона-белы сцяг

13.10.2020 13:56
Бел-чырвона-белая таксама вопратка, стужкі, людзі нават складвалі бел-чырвона-белы арнамент з вулічных агароджаў.
Аўдыё
--
Бел-чырвона-белыя беларускія пратэстыфота: PAP/EPA/STR

Вось ужо больш за два месяцы мы назіраем за пратэстамі ў Беларусі, бачым, як дзясяткі, а нават сотні тысяч людзей выходзяць на вуліцы беларускіх гарадоў, паколькі не могуць пагадзіцца з фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Сёння мы не будзем разважаць пра прычыны пратэстаў, і чым яны могуць скончыцца, дарэчы, гэтага дакладна не можа сказаць ніхто. Сёння я б хацела закрануць тэму выключнай, выдатнай і незвычайна цікавай крэатыўнасці беларусаў – удзельнікаў пратэстаў, а таксама тых людзей, хто на пратэсты не хоча выхадзіць, але ўсім сэрцам падтрымлівае дэмакратычныя перамены ў краіне. За апошнія месяцы з’явілася шмат новых паняццяў, або вярнуліся старыя, якія для некаторых, асабліва тых людзей, хто не жыве ў Беларусі, могуць быць незразумелымі. Я пастаралася сабраць гэтыя паняцці ў кароценькі слоўнік «Беларускія пратэсты 2020». А дапаможа мне сёння мой калега Эдуард Жолуд, які сам не раз бываў на маршах і бачыў ужыванне дадзеных паняццяў на практыцы.

Найважнейшы сімвал беларускіх пратэстаў – бел-чырвона-белы сцяг, гістарычны сцяг беларускай дзяржавы, з якім усімі сіламі змагаліся афіцыйныя ўлады. Яшчэ нядаўна за сцяг можна было быць арыштаваным, а як цяпер? На маршах мы бачым мора бел-чырвона-белых сцягоў, але гэта не толькі сцягі, бел-чырвона-белая таксама вопратка, стужкі, людзі нават складвалі бел-чырвона-белы арнамент з вулічных агароджаў. Эдуард Жолуд быў на маршах у Беларусі, як успрымаецца вось гэтае бел-чырвона-белае мора?

- Я нават не спадзяваўся, што дажыву да таго часу, калі нацыянальная сімволіка адновіць свой статус. Усё вярнулася на свае месцы. Зараз беларускі народ успрымае бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня як свае нацыянальныя сімвалы, і толькі пытанне часу, калі яны стануць дзяржаўнымі. Вельмі важная атмасфера маршаў, калі вядома, што, скажам, увесь тралейбус або вагон метро едзе на пратэст, і ў пэўны момант усе выцягваюць сцягі. Здымкі не перадаюць атмасферы, якая пануе падчас маршу. Знутры гэта выглядае значна больш аптымістычна.

Адносна новае паняцце – гэта «ябацькі». Гучыць гэтае слова як нецэнзурная лексіка, але трэба ведаць яго генезіс. Яно нарадзілася на дэманстрацыях прыхільнікаў Лукашэнкі, якія скандзіравалі «За бацьку!», але калі казаць гэтыя два словы хутка, яны зліваюцца. Атрымліваецца «ябацьку» або «сабачку». Цяпер, здаецца, ужо не крычаць «За бацьку!»?

- Зараз, можа, і не крычаць, але гэта ўжо пайшло. Гэтыя сагнаныя мітынгі за Лукашэнку ладзіліся па крамлёўскіх метадычках, нават на плакатах было напісана «За батьку», што зусім неўласціва беларусам. Грамадзянская супольнасць перахапіла і дыскрэдытавала гэты пасыл уладаў. Адметна, што падставай для мемаў стаў першы мітынг пасля выбараў, на якім выступаў сам Лукашэнка. Яго прамова была перапоўнена шавіністычнымі выказваннямі. І калі ён спытаў «Каго мы заўтра будзем карміць?», натоўп раптам пачаў крычаць «За бацьку», але гэта гучала як «Сабачку!». Адпаведна, сабачка стала адным з лозунгаў цяперашніх пратэстаў у Беларусі.

Наступнае слова, якое стала вельмі папулярным, сумна папулярным у Беларусі мінулым летам і восенню, гэта лашкі-петушкі. Так называюць супрацоўнікаў праваахоўных органаў, спецыяльных аддзелаў міліцыі (АМАП), якія разганяюць дэманстрацыі. Слова «лашкі», на колькі я разумею, паходзіць ад выразу «лох». Дарэчы, ёсць таксама іншыя акрэсленні на супрацоўнікаў міліцыі, якія разганяюць пратэсты – касманаўты, аліўкі, сілавікі (або слабавікі).

- Лашкі-петушкі – вельмі абразлівае акрэсленне. Яно з’явілася, калі супрацоўнікі сілавых структур прымянілі вельмі вялікі гвалт у адносінах мірных дэманстрантаў, некаторых згвалтавалі, нават мужчын, а «петушкі» у крымінальным асяроддзі азначаюць прыналежнасць да сексуальных меншасцяў.

Кар’еру зрабіла слова «народзец», якім Лукашэнка называе ўдзельнікаў пратэстаў. Дарэчы, гэта далёка не самы горшы эпітэт. Ёсць таксама «адмарозкі, наркаманы, прастытуткі».

І яшчэ адно паняцце, якое пашыраецца ў Беларусі гэтай восенню – кіберпартызаны. Гэта значыць, прадстаўнікі ІТ-індустрыі, якія не згаджаюцца з дзеяннямі ўладаў, таму яны прымаюць захады дзеля таго, каб вывесці з ладу дзяржаўныя сістэмы.

Ёсць нешта, пра што нельга не згадаць пры нагодзе мірных пратэстаў у Беларусі – разбураны міф памяркоўных, вялых і апатычных беларусаў. Беларусы праявілі сябе як вынаходлівыя, крэатыўныя, смелыя і прыстойныя людзі. Але захаваўся міф, або хутчэй легенда, погляд аб беларусах як вельмі мірных людзях, якія не імкнуцца да насілля, а хацелі б вырашаць праблемы мірных шляхам, што. На жаль, нельга сказаць гэтага ж пра другі бок – афіцыйныя ўлады.

нг/эж