Беларуская Служба

Улады плануюць спрасціць экзамены для выпускнікоў сярэдніх і базавых школаў у Польшчы

28.10.2020 13:21
Экзамены павінны адпавядаць ведам, якія вучні могуць атрымаць у школах, лічыць новы кіраўнік Ведамства адукацыі і навукі.
M     .
Mіністр адукацыі і навукі Пшэмыслаў Чарнэк. PAP/Radek Pietruszka

Новы міністр адукацыі і навукі Пшэмыслаў Чарнэк(Przemysław Czarnek) паведаміў, што ведамства працуе над скарачэннем аб'ёму ведаў, неабходных для здачы экзамену на атэстат сталасці і экзамену для выпускнікоў базавых школаў у Польшчы. Падрабязнасці павінны быць агучаныя да снежня бягучага году. Паводле кіраўніка Міністэрства адукацыі і навукі, экзамены павінны адпавядаць ведам, якія вучні могуць атрымаць у школах, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

Пшэмыслаў Чарнэк паведаміў, што аснова вучэбнай праграмы будзе зменена ў асноўным у адносінах да выпускнікоў сярэдніх і базавых школаў.

Міністр паведаміў, што змены будуць зводзіцца да скарачэння аб'ёму ведаў, неабходных для здачы гэтых іспытаў. Паводле яго, сёлетнія выпускнікі сярэдніх і базавых школаў у Польшчы найбольш пацярпелі ў выніку, спачатку страйку настаўнікаў у мінулым годзе, а цяпер дыстанцыйнай формы навучання.

„Часовыя змены ў вучэбнай праграме будуць датычыць у першую чаргу экзаменацыйных прадметаў. Трэба скараціць аб'ём экзаменаў на тыя кампаненты ведаў, якіх вучні не змогуць атрымаць падчас урокаў у гэтым навучальным годзе і ў мінулым з-за забастоўкі настаўнікаў. Экзамен павінен адпавядаць ведам, якія вучні могуць атрымаць у нашых школах”, - адзначыў міністр.

Ён таксама паведаміў, што на дадзены момант улады не разглядаюць магчымасці адмены экзамену для выпускнікоў базавых школаў.

Пшэмыслаў Чарнэк таксама згадаў аб дзеяннях, якія цягам апошніх месяцаў былі ўведзеныя ў галіне дыстанцыйнай адукацыі.

Ён паведаміў, што ў рамках праграмы „Дыстанцыйная школа Плюс” улады выдзелілі 187 мільёнаў злотых на камп'ютарнае абсталяванне для вучняў. 180 мільёнаў злотых на гэтую мэту атрымалі таксама муніцыпалітэты.

Міністр згадаў таксама пра праграму „ Актыўная дошка” і курсы па дыстанцыйным навучанні для настаўнікаў, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

аз